Народжаная ў Новы год

У Валянціны Труханенка розніца з Новым годам складае роўна 12 гадзін. Апоўначы сям’я сядае за навагодні стол, а ўжо апоўдні 1 студзеня ўрачыстасць плаўна перацякае ў святкаванне яе народзінаў. «1 студзеня мяне, маленькую, заўсёды чакалі два падарункі, — успамінае Валянціна Сяргееўна. — Адзін, навагодні, клалі пад ёлку, а другі бацькі дарылі непасрэдна на дзень нараджэння».

Такую дзівосную прывязку да святочных дат у іх сям’і цяжка прымаць за супадзенне. У Новы год нарадзілася яе маці, Зінаіда Міхайлаўна. «А калі б я не паспяшалася ў радзільны дом, магчыма, навагоднім падарункам для нас з мужам стаў бы і сын», — дадае жанчына. Праўда, і тут не абышлося без выбрыкаў лёсу. Ігар нарадзіўся акурат на 25 снежня.

Надыходзячы 2013 год для Валянціны Труханенка асаблівы — юбілейны. 1 студзеня яе абавязкова павіншуюць родныя, сябры і калегі па Ульянавіцкай дзіцячым садзе-сярэдняй школе. Гэтай навучальнай установе яна аддала больш за 30 гадоў самаадданай працы. Настаўніцкі шлях для сябе яна выбрала яшчэ ў

6-ым класе Беліцкай сярэдняй школы. А ўжо ў 7-ым старанную вучаніцу настаўнікі-моваведы пры неабходнасці прасілі «замяніць» іх на ўроках у 5-ых класах. Атрымліваць вышэйшую адукацыю выпускніца вясковай школы, дачка повара і ляснічага, адправілася ажно ў далёкі Гомель. «Казалі, што там конкурс меншы», — прызнаецца Валянціна Сяргееўна. На самой справе ён аказаўся высокім, але ж горад так спадабаўся дзяўчыне, што тая вырашыла не адступаць ад свайго. Яна паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (цяпер імя Францыска Скарыны) на філалагічны факультэт.

Студэнткай знайшла яна і сваё асабістае шчасце. Выбраннікам аказаўся зямляк, нават больш таго, вучыліся ў адной школе. Толькі ён на пяць гадоў быў старэйшы за яе. У вучнёўскія гады адзін аднаго не заўважалі, а тут убачыліся на вечары сустрэчы выпускнікоў і пакахалі. На чацвёртым курсе Валянціна выйшла замуж.

Адлегласць не стала для маладых выпрабаваннем. Аляксандр стараўся як мага часцей наведвацца да каханай. Сёння цяжка ўявіць, але некалькі сотняў кіламетраў ён пераадольваў на сваім матацыкле «Ява».

Па заканчэнні вучобы Валянціна папрасіла размеркаваць яе на малую радзіму, бліжэй да мужа. Аляксандр Мікалаевіч на той час працаваў галоўным інжынерам калгаса «Ульянавічы». А Валянціна Сяргееўна стала выкладаць рускую мову і літаратуру ў мясцовай школе. «Прыйшла працаваць яшчэ ў старую драўляную школку, а наступным, 1981-ым годам мы перабраліся ў новы будынак». Напаўняльнасць класаў вясковай установы адукацыі даходзіла да 30 чалавек. А сёння ва ўсёй школе навучаецца каля 40 дзяцей. Яна з настальгіяй успамінае, якія вясёлыя мерапрыемствы рыхтавалі настаўнікі і навучэнцы школы, драматычны гурток, якім кіравала на працягу дзесяцігоддзяў. Дома настаўніцу чакалі не толькі вучнёўскія сшыткі, але і немалая гаспадарка: кароўка, свінні, куры. Як гэта жыць у вёсцы і не трымаць свайго! Тым не менш хапала часу на сябе і родных. Любімым заняткам сужэнцаў сталі прагулкі па лесе. Пад ульянавіцкімі стромкімі соснамі маглі кіламетраў пяць прайсці.

Любоў да настаўніцкай справы перадалася ад маці сыну. Ігар таксама абраў філалагічны накірунак. Сёння выкладае англійскую мову ў Віцебскім тэхнічным каледжы. Яго жонка Наталля навучае нямецкай мове студэнтаў прафесійна-тэхнічнага вучылішча. У Валянціны Сяргееўны і Аляксандра Мікалаевіча ёсць прыгажуня — унучка Карына. Менавіта яна дапамагае маёй субяседніцы з аптымізмам успрымаць блізкую пенсію: «Сумаваць не буду, наадварот, больш часу  змагу прысвяціць сваім самым дарагім людзям».

Колькі год Труханенкі жывуць у Сянне. Пераехалі, як кажуць, бліжэй да цывілізацыі. Купілі дом. Залатыя рукі Аляксандра Мікалаеві­ча аднавілі да непазнавальнасці драўлянае жыллё, пабудавалі гаспадарчыя памяшканні, лазню. Клопат гаспадыні — агарод, кветкі. Хоць на дварэ зіма, але ў пакоях радуюць вока сакавітай зеленню шматлікія пакаёвыя расліны.

У  сумесных планах Труханенкаў яшчэ шмат пераўтварэнняў, якія абавязкова спраўдзяцца ў новым годзе.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: Валянціна Сяргееўна Труханенка.

P.S. Ёсць у Труханенкаў і сямейная навагодняя традыцыя. У нечым яна пераклікаецца з заходнееўрапейскай: там на Каляды на комін вешаюць шкарпэткі, куды Санта-Клаус паві­нен пакласці  падарункі і ласункі для дзяцей. У беларускай сям’і ролю шкарпэтак выконваў валёнак. Напоўнены цукеркамі ды рознай смакатой, яго ставілі пад ёлку. Зараз гэты звычай перанялі ў сям’і сына.