Інтэнсіўнае рыбалоўства — занятак не для ўсіх

У Правілах вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства можна знайсці такое паняцце як «аматарскае рыбалоўства інтэнсіўнымі спосабамі». Расказаць аб гэтых спосабах лоўлі рыбы мы папрасілі Ігара Іванова, дзяржаўнага інспектара Віцебскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. З ім пагутарыў Аляксандр Яўгенаў.

— Я — не сябра дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Ды і на возеры з вудай, на якой, праўда, некалькі рыбалоўных кручкоў, бываю рэдка. Скажыце, калі мая рыбалоўная прылада закінута ў ваду, пачалася інтэнсіўная лоўля рыбы?

— А колькі дакладна на лёсцы вашай  вуды  кручкоў сказаць можаце? Калі больш 11, то сапраўды, вы здабываеце рыбу інтэнсіўным спосабам. Скажу больш, права рабіць гэта ў вас няма, бо аматарскім рыбалоўствам інтэнсіўнымі спосабамі лоўлі рыбы  могуць займацца рыбаловы, якія з’яўляюцца сябрамі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Аматары падводнага палявання павінны яшчэ мець і пасведчанне падводнага стралка.

— Назавіце, якія спосабы лоўлі рыбы адносяцца да інтэнсіўных?

— У першую чаргу гэта лоўля рыбы з прымяненнем сродкаў аматарскага рыбалоўства з агульнай колькасцю кручкоў ад 11 да 20 штук на рыбалова. Лоўля рыбы на дарожку з выкарыстаннем суднаў, абсталяваных рухавікамі — гэта таксама інтэнсіўны спосаб рыбалоўства. Пры гэтым дазваляецца выкарыстанне толькі адной бляшні ці воблера, альбо іншай штучнай нажыўкі на рыбалова. Як мы ўжо заўважылі вышэй, да ліку інтэнсіўных спосабаў адносіцца і падводнае паляванне.

— Пры інтэнсіўным  рыбалоўстве можна здабыць любую колькасць рыбы? Ці ўстаноўлены нейкія абмяжаванні?

— Абмяжаванні ёсць. На аднаго рыбалова ў суткі пры выкарыстанні інтэнсіўных спосабаў дазваляецца здабываць не больш 5 кілаграмаў рыбы і адной асобіны, калі агульная вага з улікам яе вагі ў суме будзе перавышаць 5 кілаграмаў, ці адной рыбіны, вага якой перавышае 5 кілаграмаў.

— У апошнія гады на сенненскіх азёрах у любую пару года аматары рыбаловы актыўна выкарыстоўваюць так званыя «кружкі» — жарліцы. Іх колькасць  пры выкарыстанні на вадаёмах таксама абмежавана? Якія яшчэ патрабаванні існуюць для выкарыстання жарліц?

— Як і пры любым інтэнсіўным спосабе лоўлі рыбы, колькасць рыбалоўных кружкоў абмежавана. Акрамя таго на  жарліцах павінна абавязкова ўказывацца прозвішча, ініцыялы і адрас іх уладальніка. Выкарыстанне не падпісанай прылады расцэньваецца як парушэнне правілаў рыбалоўства.

— Інтэнсіўнае рыбалоўства дазваляецца на ўсіх азёрах?

— Не.  Створаны спецыяльны спіс. у Сенненскім раёне, напрыклад, інтэнсіўны спосаб лоўлі рыбы дазволены на такіх азёрах як Сенненскае, Добрына, Ліпна, Ходцы, Сосна, Серакаратнянскае, Маеўскае, Альшанка, Рубаўскае, Леванова. Са спісам азёр вобласці, на якіх дазволена лоўля рыбы інтэнсіўным спосабам, можна пазнаёміцца на сайтах дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *