У раённым Доме культуры прайшоў вечар, прысвечаны 90-годдзю ААТ «ААБ «Беларусбанк».

Яго арганізатары — супрацоўнікі цэнтра банкаўскіх паслуг г. Сянно філіяла № 200  Віцебскага абласнога ўпраўлення — на свята запрасілі сваіх кліентаў, ветэранаў працы, кіраўніцтва раёна.

Ад кас узаемадапамогі

Ашчадны банк нашай краіны прайшоў вялікі шлях: ад кас узаемадапамогі, якія ўзніклі ў 20-я гады 20-га стагоддзя, да буйнейшага ў Беларусі банка, асноўнымі кліентамі якога з’яўляюцца не толькі фізічныя, але і юрыдычныя асобы. Кліенцкая база ЦБП, напрыклад, зараз складаецца больш чым з 200 суб’ектаў гаспадарання.

У Сянно і Багушэўску ашчад­ныя касы былі адноўлены летам 1944 года, хутка пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі. У 1945 го­дзе на тэрыторыях былых Сенненскага і Багушэўскага раёнаў пры паштовых аддзяленнях працавалі 23 агенцтвы, якія займаліся ашчаднай справай. З адра­джэннем у пасляваенны перыяд вытворчасці, ростам даходаў насельніцтва павялічвалася сетка ашчадных кас. Асабліва бурна яна развівалася з 1947 года па 1951, калі ў СССР праводзілася грашовая рэформа. Па развіцці сеткі ашчадных кас можна меркаваць і аб эканоміцы таго ці іншага калгаса, населенага пункта. У Пустынках агенцтва пры паштовым аддзяленні было рэарганізавана ў ашчадную касу другога разраду ў кастрычніку 1953 года. У Янове рэарганізацыя адбылася толькі ў 1970 годзе.У 1962 годзе раённыя касы былі перададзены ў распараджэнне Дзяржаўнага банка СССР. Гэта азначала, што зберажэнні насельніцтва сталі выкарыстоўвацца на папаўненне крэдытных рэсурсаў. У 1987 годзе Сенненская раённая каса стала аддзяленнем Ашчаднага банка. З набыццём Рэспублікай Беларусь дзяржаўнай незалежнасці ў гісторыі банкаўскай установы пачаўся новы этап. Мянялася ў краіне палітычная, эканамічная сітуацыя, адаптаваўся да яе Ашчадны  банк. У 1995 годзе ён быў рэарганізаваны ў Адкрытае акцыянернае таварыства «Ашчадны банк «Беларусбанк».

Дзень сённяшні

На ўрачыстым сходзе больш гаварылася пра сённяшні дзень ААТ «ААБ «Беларусбанк» і яго структурнага падраздзялення — цэнтра банкаўскіх паслуг г. Сянно, дзе прапануецца больш за 130 відаў банкаўскіх паслуг. Як заўважыла ў сваім выступленні Таццяна Гарнак, дырэктар ЦБП, «стрыжнем крэдытнай палітыкі банка застаецца фінансавая пад­трымка прадпрыемстваў, вытворчага сектара эканомікі, сферы гандлю і паслуг усіх форм уласнасці, сельгас­прадпрыемстваў». Беларусбанк дапамагае ў набыцці абсталявання, аўтатранспартнай тэхнікі, рэканструкцыі аб’ектаў АПК, набыцці абсталявання для аб’ектаў гандлю і сэрвісу. У рабоце з фізічнымі асобамі акцэнт робіцца на павышэнні якасці абслугоўвання і пашырэнні спектра паслуг. Паслугі аказваюцца праз 9 уласных аддзяленняў і 19 аддзяленняў паштовай сувязі, якім перададзены правы на правядзенне аперацый па ўкладах. У аграгарадках Машканы, Ходцы, Янова насельніцтву аказваецца фактычна ўвесь спектр банкаўскіх паслуг. Жыхары раёна маюць у цэнтры банкаўскіх паслуг больш 50 тысяч укладных рахункаў. Сярод кліентаў цэнтра — каля 2000 пенсіянераў. Супрацоўніцтва з імі праверана часам, носіць узаемавыгадны характар.

Заўсёды побач

Пра гэты складнік супрацоўніцтва — узаемавыгаднасць — гаварыла не толькі кіраўнік цэнтра банкаўскіх паслуг. Пра гэта гаварылі госці, якія прыйшлі на ўрачыстасць з нагоды 90-годдзя Беларусбанка. Прадпрыемствы, арганізацыі раёна карыстаюцца крэдытамі, трымаюць свабодныя сродкі на банкаўскіх рахунках. Але, як заўважыў старшыня райвыканкама Віктар Цапота, работа калектыва ацэньваецца не толькі з улікам эканамічных дасягненняў. Супрацоўнікі цэнтра банкаўскіх паслуг вылучаюцца сваёй высокай культурай абслугоўвання.  Добрыя традыцыі захоўваюцца, перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Усмешка на твары работніка Беларусбанка — візітная картка ўстановы. Яе не заменяць ніякія новыя тэхналогіі.

Райвыканкам, філіял № 200 Віцебскага абласнога ўпраўлення Беларусбанка высока цэняць уклад калектыва цэнтра банкаўскіх паслуг г. Сянно. Да свята Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны Таццяна Гарнак, дырэктар цэнтра, Таццяна Румо, спецыяліст па аказанні рознічных паслуг. Нядаўна яна прадстаўляла Віцебшчыну на ўрачыстым прыёме, які праходзіў у Савеце Міністраў напярэдадні Дня маці. Да свята ААТ «ААБ Беларусбанк» рознымі мерамі маральнага і матэрыяльнага характару адзначаны 16 супрацоўнікаў з 49 членаў калектыву ЦБП. Аб грамадскай актыўнасці калектыву банкаўскай установы сведчыць дзейнасць пярвічных арганізацый прафсаюза, саюза жанчын, «Белай Русі», БРСМ. Супрацоўнікі цэнтра ўдзельнічаюць у раённых і ведамасных мерапрыемствах, у ліку першых на спартыўных пляцоўках. Іх можна бачыць на льняных сцелі­шчах, яны працуюць на суботніках па добраўпарадкаванні горада, бо, як ніхто іншы, разумеюць, што фінансы, гэта толькі канцэнтраваны вынік працы многіх людзей у вытворчай сферы.

Урачысты вечар завяршыўся канцэртам, падрыхтаваным супрацоўнікамі раённага Дома культуры і іншых устаноў раёна.

Л. ІЎЕЎ.