У культуры тры дзясяцігоддзі

У галіне культуры жанчына працуе больш за 30 гадоў. Яе здольнасць да спеваў і танцаў выявілася яшчэ ў дзяцінстве. Школьніцай  Ларыса выступала на сцэне вясковага клуба. Таленавітую дзяўчынку заўважыла зямлячка, Людміла Лындзіна, якая была таксама родам з Кавалёў, і ў той час працавала ў аддзеле культуры Сенненскага райвыканкама. Люд­­міла Пятроўна параі­ла Ларысе паступаць у Віцебскае культасветвучылішча (цяпер Віцебскі каледж культуры і мастацтваў).

Скончыўшы навучальную ўстанову, малады «харавік» па размеркаванні пачала працаваць загадчыцай Какоўчынскага сель­­­скага клуба. Дваццацігадовай дзяўчыне прыйшлося займацца не толькі непасрэдна клубнай работай, але і гаспадарчымі справамі. Моладзі ў той час у Какоўчыне і навакольных вёсках было шмат, а «музыкі» ў клубе не было. Пайшла за дапамогай у сельскі Савет. Старшынёй тады працаваў Юрый Цывінскі. Дзякуючы яго садзейнічанню наладзіла правядзенне вечароў адпачынку. У арганізацыі мастацкай самадзейнасці вельмі дапамаглі настаўнік працоўнага навучання Ва­сілій Броўка, які добра іграў на баяне, і іншыя педагогі Какоўчынскай школы, успамінае мая субяседніца.

У 1985 годзе Ларыса Іванаўна выходзіць замуж, пераязджае ў в. Студзёнка і ўладкоўваецца загадчыцай Студзёнскаўскага сельскага клуба. Праз восем гадоў яна пераходзіць на пасаду загадчыцы мясцовай біб­ліятэкі. І тут працуе з поў­най аддачай і знаходзіцца на добрым рахунку ў кіраўніцтва Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы.

Адказнасці ды і работы ў бібліятэцы ніколькі не менш, чым у клубе. Адных толькі кніг — каля 9 тысяч экзэмпляраў. Абслугоўвае сельская бібліятэчная ўстанова не толькі жыхароў Сту­дзёнкі. Карыстаюцца яе паслугамі чытачы з Келісаў, Кавалёў, Рассвета, Івоняў, Машкоў і іншых вёсак. Сёння ў бібліятэцы 351 чытач. У аддаленыя вёскі Ларыса Іванаўна дастаўляе кнігі на веласіпе­дзе. Кожны першы чацвер месяца робіць падворны абход чытачоў.

Студзёнкаўская бібліятэка мае статус бібліятэкі сямейнага чытання. Тут нават чытацкі фармуляр заво­дзіц­ца не на аднаго чытача, як звычайна, а адразу на ўсю сям’ю. Самымі чытаючымі загадчыца называе сем’і Ламніцкіх, Зайко, Хамянковых, Няфёдавых. Здавалася б, дзе знайсці час для чытання вясковаму жыхару, які абцяжараны нялёгкай працай на вытворчасці і хатняй гаспадаркай. «Я добра разумею гэта жаданне — чытаць. Яно настолькі моцнае, што заўсёды знаходзіш час, бо калі не зазірнеш у кнігу, здаецца, сёння не ўсё зрабіў», — гаворыць Ларыса Іванаўна.

Каб прыцягнуць увагу чытачоў бібліятэкі да тых ці іншых выданняў або да якіх-небудзь знамянальных падзей, загадчыца наладжвае розныя кніжныя выставы. У час нашага наведвання, сярод іншых, асаблі­ва кідалася ў вочы выстава да юбілеяў Я.Купалы і Я.Коласа «Сэрцам роднага слова краніся».

Масавыя мерапрыемствы Ларыса Іванаўна рыхтуе і праводзіць у супрацоўніцтве з работнікамі мясцовай клубнай установы. Нядаўна было арганізавана свята кнігі «Восьмы цуд свету», віктарына «Казачнае падарожжа па казках». На базе Студзёнкаўскай бібліятэкі не раз наладжваліся раённыя семінары.

У вясковым «храме кнігі» працуе дзіцячы клуб «Вяртанне да вытокаў». Тут вывучаюцца народныя абрады «Масленіца», «Каляды» і іншыя. Да паслуг юных чытачоў прадастаўляецца камп’ютэр.

Утульна і прыгожа не толькі ў пакоях бібліятэкі. Дагледжана і тэрыторыя вакол будынка. Клумбы радуюць кветкамі. Увосень лісце дрэў рэгулярна ўбі­раецца. «У час лістапада выграбаю лісце два разы на тыдзень, — кажа загадчыца. — Муж дапамагае скошваць траву».

Разам з мужам, Анатолем Васільевічам, які працуе механізатарам у ААТ «Сту­дзёнка», Ларыса Іванаўна вырасціла трох дачок. Усе яны ўжо маюць свае сем’і, а дзядуля з бабуляй — трох слаўных унучак. Старэйшыя дочкі жывуць асобна, а малодшая яшчэ разам з бацькамі. І ўсім ім бацькі імкнуцца хоць чым-небудзь дапамагчы. Таму трымаюць Пагарэльскія немаленькую па сённяшнім часе гаспадарку. Але знаходзіць час руплівая гаспадыня і цікавую кніжку пачытаць і хатнія кветкі дагледзець. І на рабоце яе цэняць. Пра гэта сведчаць ганаровыя граматы ад кіраўніцтва ЦБС, сельвыканкама і абласнога ўпраўлення культуры.

Таццяна Буракова.

На здымку: загадчыца Студзёнкаўскай сельскай бібліятэкі Ларыса Пагарэльская.