У культуры тры дзясяцігоддзі
У галіне культуры жанчына працуе больш за 30 гадоў. Яе здольнасць да спеваў і танцаў выявілася яшчэ ў дзяцінстве. Школьніцай Ларыса выступала на сцэне вясковага клуба. Таленавітую дзяўчынку заўважыла зямлячка, Людміла Лындзіна, якая была таксама родам з Кавалёў, і ў той час працавала ў аддзеле культуры Сенненскага райвыканкама. Людміла Пятроўна параіла Ларысе паступаць у Віцебскае культасветвучылішча (цяпер Віцебскі каледж культуры і мастацтваў).
Скончыўшы навучальную ўстанову, малады «харавік» па размеркаванні пачала працаваць загадчыцай Какоўчынскага сельскага клуба. Дваццацігадовай дзяўчыне прыйшлося займацца не толькі непасрэдна клубнай работай, але і гаспадарчымі справамі. Моладзі ў той час у Какоўчыне і навакольных вёсках было шмат, а «музыкі» ў клубе не было. Пайшла за дапамогай у сельскі Савет. Старшынёй тады працаваў Юрый Цывінскі. Дзякуючы яго садзейнічанню наладзіла правядзенне вечароў адпачынку. У арганізацыі мастацкай самадзейнасці вельмі дапамаглі настаўнік працоўнага навучання Васілій Броўка, які добра іграў на баяне, і іншыя педагогі Какоўчынскай школы, успамінае мая субяседніца.
У 1985 годзе Ларыса Іванаўна выходзіць замуж, пераязджае ў в. Студзёнка і ўладкоўваецца загадчыцай Студзёнскаўскага сельскага клуба. Праз восем гадоў яна пераходзіць на пасаду загадчыцы мясцовай бібліятэкі. І тут працуе з поўнай аддачай і знаходзіцца на добрым рахунку ў кіраўніцтва Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы.
Адказнасці ды і работы ў бібліятэцы ніколькі не менш, чым у клубе. Адных толькі кніг — каля 9 тысяч экзэмпляраў. Абслугоўвае сельская бібліятэчная ўстанова не толькі жыхароў Студзёнкі. Карыстаюцца яе паслугамі чытачы з Келісаў, Кавалёў, Рассвета, Івоняў, Машкоў і іншых вёсак. Сёння ў бібліятэцы 351 чытач. У аддаленыя вёскі Ларыса Іванаўна дастаўляе кнігі на веласіпедзе. Кожны першы чацвер месяца робіць падворны абход чытачоў.
Студзёнкаўская бібліятэка мае статус бібліятэкі сямейнага чытання. Тут нават чытацкі фармуляр заводзіцца не на аднаго чытача, як звычайна, а адразу на ўсю сям’ю. Самымі чытаючымі загадчыца называе сем’і Ламніцкіх, Зайко, Хамянковых, Няфёдавых. Здавалася б, дзе знайсці час для чытання вясковаму жыхару, які абцяжараны нялёгкай працай на вытворчасці і хатняй гаспадаркай. «Я добра разумею гэта жаданне — чытаць. Яно настолькі моцнае, што заўсёды знаходзіш час, бо калі не зазірнеш у кнігу, здаецца, сёння не ўсё зрабіў», — гаворыць Ларыса Іванаўна.
Каб прыцягнуць увагу чытачоў бібліятэкі да тых ці іншых выданняў або да якіх-небудзь знамянальных падзей, загадчыца наладжвае розныя кніжныя выставы. У час нашага наведвання, сярод іншых, асабліва кідалася ў вочы выстава да юбілеяў Я.Купалы і Я.Коласа «Сэрцам роднага слова краніся».
Масавыя мерапрыемствы Ларыса Іванаўна рыхтуе і праводзіць у супрацоўніцтве з работнікамі мясцовай клубнай установы. Нядаўна было арганізавана свята кнігі «Восьмы цуд свету», віктарына «Казачнае падарожжа па казках». На базе Студзёнкаўскай бібліятэкі не раз наладжваліся раённыя семінары.
У вясковым «храме кнігі» працуе дзіцячы клуб «Вяртанне да вытокаў». Тут вывучаюцца народныя абрады «Масленіца», «Каляды» і іншыя. Да паслуг юных чытачоў прадастаўляецца камп’ютэр.
Утульна і прыгожа не толькі ў пакоях бібліятэкі. Дагледжана і тэрыторыя вакол будынка. Клумбы радуюць кветкамі. Увосень лісце дрэў рэгулярна ўбіраецца. «У час лістапада выграбаю лісце два разы на тыдзень, — кажа загадчыца. — Муж дапамагае скошваць траву».
Разам з мужам, Анатолем Васільевічам, які працуе механізатарам у ААТ «Студзёнка», Ларыса Іванаўна вырасціла трох дачок. Усе яны ўжо маюць свае сем’і, а дзядуля з бабуляй — трох слаўных унучак. Старэйшыя дочкі жывуць асобна, а малодшая яшчэ разам з бацькамі. І ўсім ім бацькі імкнуцца хоць чым-небудзь дапамагчы. Таму трымаюць Пагарэльскія немаленькую па сённяшнім часе гаспадарку. Але знаходзіць час руплівая гаспадыня і цікавую кніжку пачытаць і хатнія кветкі дагледзець. І на рабоце яе цэняць. Пра гэта сведчаць ганаровыя граматы ад кіраўніцтва ЦБС, сельвыканкама і абласнога ўпраўлення культуры.
Таццяна Буракова.
На здымку: загадчыца Студзёнкаўскай сельскай бібліятэкі Ларыса Пагарэльская.