Любоў мацярынская — наш абярэг

З усіх вядомых мне прытчаў наймудрэйшай і супер­правіль­най лічу тую, як нёс юнак па загадзе жорсткай прыгажуні плату за каханне — сэрца роднай маці, зача­піўся за парог і ўпаў, а сэрца матуліна ў трывозе клапатлі­ва-спалохана запыталася:

— Ты не пабіўся сынок? Табе не балюча?

Страшна, праўда?.. А што граха таіць, нешта падобнае, на жаль, нярэдка яшчэ даводзіцца назіраць. Вось адна мая знаёмая песціла-гадавала сыноў, а папрасіла назапасіць ёй, нямоглай, дроў на зіму і пачула ў адказ:

— Пенсія ў цябе, наймі лю­дзей.

А пенсіі той на лякарствы ды на аплату паслуг сусе­дзяў, тыпу трэсачак насячы на падтопу, вакол ганка бур’ян абкасіць, зімой снег разгрэсці, ледзь хапае. На заўвагу ўчастковага інспектара РАУС, маўляў, хіба вы маці не любіце, сыны здзівіліся:

— А за што яе любіць? Сапраўдныя маці машыны, кватэры шыкоўныя дзецям дораць, а яна што нам дала? Па веласіпеду?

Мурашкі па целе забегалі, калі пачула такое. За што любіць маці? Ды за тое, што яна ў нас адзіная, богам дадзеная. Асабіста я нікога другога не магла словам гэтым назваць, нават свякроў. А вось ведаю адну маладую жанчынку, якая вельмі лёгка-свабодна аперыруе гэтым тэрмінам. Чатыры мужы ў яе былі, чатыры свякроўкі. І ўсіх матулечкамі-раднюлечкамі клікала. А нядаўна мамкай стала называць старэйшую па ўзросце сабутэльніцу. Не тое, што дзікавата, але неяк непрыемна ўспрымала я гэта.

— У мяне свая сям’я, пра пажылых людзей цяпер дзяржава вельмі клапоціцца. Вунь як іх ва ўсіх арганізацыях віншуюць  у  Дзень пажылых людзей. І наша маці хадзіла па запрашэнні на «Агеньчык» з пачастункамі. А мне пра дзетак сваіх маленькіх клопат.

Падумалася: а што, калі гэтыя дзеткі вашы, апранутыя ў імпартныя касцюмчыкі, маючыя ўсё, што толькі можа быць, калі-небудзь самі гэтак жа да вашай старасці  аднясуцца?..

А наогул усім нам добра вядома ісціна: самае лепшае плацце — маці, самыя лепшыя кветкі — маці, самыя лепшыя словы — маці. Вось мы і гаворым у святочны гэты дзень:

— Букет вам з зорак, дарагія нашы матулі!

Людміла Працэнка.