Пагуляць у Літусава едуць нават з Оршы

У Літусаве прайшло Купалле з удзелам драматычнага і вакальнага гурткоў Какоўчынскага дома культуры і Літусаўскага сельскага клуба. Купалінка, прыгожыя дзяўчынкі ў вянках і народных строях, лесавікі і пачвары, іншыя дзеючыя асобы сабралі шмат гледачоў. На свяце не было, як кажуць, дзе яблыку ўпасці. На мерапрыемства з’ехаліся жыхары з бліжэйшых вёсак, прыйшла моладзь, людзі старэйшага пакалення.

  Чаго толькі тут яны не ўбачылі! І песні, і танцы, і шматлікія конкурсы, і скокі праз вогнішча. Не абышлося таксама без галоўнага атрыбута купальскага свята — цуда Папараць-кветкі, якую,  па народнаму звычаю, трэба знай­­сці, каб чалавек быў шчаслівы. Купалле завяршылася, але наперадзе яшчэ адно доўгачаканае мерапрыемства — свята вёскі, якое жыхарам паабяцаў арганізаваць загадчык клуба Аляксандр Грабеннікаў.

 У Літусава Купалле, як і многія іншыя народныя святы, прыйшло дзякуючы менавіта яму.

 Раней літусаўцы былі пазбаўлены магчымасці купаліць. Вёска знаходзіцца далёка ад райцэнтра, дзе народнае свята па традыцыі адзначаецца шырока. Але са з’яўленнем Аляксандра Фёдаравіча вясковае жыццё карэнным чынам памянялася, стала весялейшым. Як кажуць, працуе клуб — жыве і вёска.

 Вялікую падтрымку ў культмасавай рабоце аказвае яму жонка — Святлана Аляксееўна. Дуэт сужэнцаў Грабеннікаў — жаданыя госці на літусаўскай сцэне. Яна палоніць публіку прыгожым голасам, а ён — віртуозным валоданнем баянам.

 Кожны тыдзень у клубе праходзяць рэпетыцыі, на якія з задавальненнем збягаецца мясцовая дзетвара. Прыходзяць да Аляксандра Фёдаравіча і пенсіянеры, якія займаюцца ў вакальнай групе, самі прыдумваюць касцюмы, выязджаюць у маленькія вёсачкі, дзе засталі­ся адзін-два чалавекі, каб праспяваць ім песні і прыпеўкі. Чарговы канцэрт па заяўцы жыхароў вёскі Рошчына быў арганізаваны на падворку Дзіны Сцяпанаўны Шэрэментавай — адной са старэйшых жыхарак на вёсцы. 

 Амаль усё Аляксандра Грабеннікава задавальняе ў працы:

 — І ў канцэртах паўдзельнічаць заўсёды ёсць аматары, і на дыскатэцы моладзі поўна (прыязджаюць нават з Аршаншчыны). Толькі вось музычная апаратура падводзіць — састарэла і часта ламаецца. Каб новую далі, то ўсё было б на іншым узроўні — кажа Аляксандр Фёдаравіч.

 Сваю працу ён лічыць патрэбнай, бо мае справу з настроем і пачуццямі чалавека. Несці радасць людзям — гэта для яго, бадай, адна з самых галоўных мэт. Таму свята душы на Літусаўскай зямлі ён намераны працягваць яшчэ доўга.

Надзея ЗУЕВА,

студэнтка ВДУ імя П.М.Машэрава

 

 На здымку: А.Ф. Грабеннікаў (у цэнтры) разам з удзельнікамі драматычнага гуртка.