Лепшы брыгадзір МТФ Беларусі – Вольга Каргіна

Прозвішча загадчыцы МТФ «Забор’е» ПУП «Дружбінец» Вольгі Каргіной значыцца ў спісе пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2011 годзе сярод брыгадзіраў малочнатаварных ферм сельскагаспадарчых арганізацый.

 На ферме Забор’е  ПУП «Дружбінец» за мінулы год надаілі 1226 тон малака, надой на кожную карову склаў 5957 кілаграм, таварнасць — 95%. Вытворчасць малака за шэсць месяцаў бягучага года склала 694 тоны (+39 тон да адпаведнага перыяду мінулага года). Цяпер, калі статак знаходзіцца на кругласутачным утрыманні на зялёных танных кармах, атрымліваюць амаль па 20 літраў малака на карову.

«Вытворчыя вынікі, — расказвае Вольга Міхайлаўна, — у многім залежаць ад сумленнасці работнікаў. Калі ёсць мэта і намаганні калектыву накіраваны на яе рэалізацыю, то яна абавязкова будзе дасягнута. Асаблівай надзейнасцю вызначаюцца аператары машыннага даення Алена Берашэвіч, Тамара Буявец, Жанна Прыстаўка, Святлана Лабацэвіч, Галіна Шэпелева. Іх не трэба кантраляваць, усё зробяць як мае быць».

 Кожная работа патрабуе ад чалавека не толькі ведаў, умення, але і стараннасці, упартасці. Менавіта з гэтых уласцівасцяў і складваецца прафесіяналізм. Тое, што на ферме Забор’е  добра арганізавана праца, заслуга загадчыцы Вольгі Каргіной. Яна ведае, што гаварыць людзям, як зрабіць, каб была прадукцыя. Вольга Міхайлаўна штодзённа ўстае на золку і на працы да позняга вечара. Шмат якія спецыяльнасці асвоіла  за час сваёй работы на ферме. Няма даяркі — доіць кароў, няма слесара — значыць за слесара працуе, некаму падвозіць кармы — за падвозчыка, у такіх выпадках Вольга Міхайлаўна сама выконвае неабходныя работы.

 Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца — так сцвярджае народная мудрасць. Чалавека, адданага сваёй справе, паважалі ва ўсе часы. На такіх добрасумленных працаўніках, як Вольга Каргіна, і трымаецца наш добрабыт.

Ларыса МУКАМОЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *