Дзе сенненскім бабулям знайсці печніка?
Хто нам рамантуе печ? Спецыяліст ці абы чалавек «з рукамі»? Як залежыць бяспека людзей ад хатняй печы? Дзе можна афіцыйна атрымаць прафесію печніка? І куды звяртацца, каб адрамантаваць печ?
З пачатку 2012 года ў Сенненскім раёне з-за пячнога ацяплення адбылося пяць пажараў. Па даных РАНС адна з галоўных прычын — парушэнне правілаў пажарнай бяспецы пры эксплуатацыі пячэй, няправільная іх будова.
Ці ёсць спецыялісты такой кваліфікацыі ў раёне? У РУП ЖКГ адказалі, што трымаць у арганізацыі печнікоў нявыгадна.
— Па расцэнках прадпрыемства праца такога работніка будзе каштаваць капейкі, тады як сам ён можа зарабіць у некалькі разоў больш. На сённяшні дзень на прадпрыемстве ёсць людзі, якія могуць рамантаваць печы, але ў іх няма пэўнай «корочки», — гаворыць начальнік РУП ЖКГ Аляксандр Зеляня. — На перспектыву ж плануем падаваць заяўку на вучэбны курсавы камбінат для падрыхтоўкі печніка.
У аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Сенненскага райвыканкама паведамілі, што спецыяльнасць «муляр-пячнік» можна атрымаць ва УА «Вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў «Сардзінія Глобал» у Мінску. На жаль, ні летась, ні ў гэтым годзе жадаючых набыць гэткую прафесію ні сярод прыватных асоб, ні сярод работнікаў арганізацый раёна не знайшлося. Хаця пражыванне і навучанне (4 месяцы) бясплатныя, налічваецца стыпендыя каля 100 тыс. рублёў, за якую, безумоўна, у сталіцы не пражывеш…
Што датычыцца будаўнічых арганізацый, то ў РУП «Сенненская ПМК-64» калісьці былі печнікі. Была і трохгадовая ліцэнзія на гэты від дзейнасці. На сённяшні дзень прадпрыемства не мае спецыялістаў, як і УП «Сяннобудмеліяводгас».
Згодна з інфармацыяй інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Сенненскім раёне печнікоў-індывідуальных прадпрымальнікаў у Сенненскім раёне не зарэгістравана. Афармленне ІП патрабуе шмат папернай працы, узгодненняў з МНС.
Атрымліваецца, што ў раёне няма ніводнага прадпрыемства, дзе працуюць спецыялісты, ад работы якіх залежыць бяспека людзей. Вось і працягваюць асобы «з рукамі» займацца незарэгістраваным прыватным «пячным» бізнесам.
Куды ж і да каго звяртацца бабулі з глухой вёсцы? Дзе ёй знайсці печніка?
Ірына ГАРБАЧОВА.