Сенненцы на касавіцы зарабляюць грошы

Нарыхтоўка кармоў — пара адказная. Гэтую ісціну добра ўсведамляюць у ААТ «Сенненскі райаграсервіс». Людзі настроены на высокапрадукцыйную працу, бо ад гэтага напрамую залежыць іх матэрыяльны дабрабыт.

 Перад пачаткам корманарыхтоўчых работ, тут правялі агульны сход механізатараў. Іх пазнаёмілі з аб’ёмамі работ, расцэнкамі. Райаграсервісу сёлета трэба нарыхтаваць 19725 тон сенажу, 521 тону сена. Па стану на 8 ліпеня на кожную ўмоўную галаву жывёлы мелі па 12,76 ц к. ад. Па гэтаму паказчыку таварыства займала 5 месца ў раёне. Стараюцца механізатары. За дзень нарыхтоўваюць ад 180 да 200 тон сакавітых кармоў. Усе добра разумеюць: будуць кармы, будзе і прадукцыя. Плённа працуе  механізатар Пётр Агееў, які на «Ягуары-850» здрабніў больш за 8 тысяч тон зялёнай масы. Адзін з лепшых механізатараў на адвозцы Мікалай Кацура з пачатку корманарыхтоўчых работ даставіў у сянажныя траншэі звыш 2000 тон зялёнкі. Задаволена адміністрацыя таварыства і работай вадзіцеляў аўтамабіляў, што заняты на адвозцы, Генадзя Сідунова, Аляксандра Сухвала, Андрэя Маркевіча, Вячаслава Міхалёнка, Валерыя Окуня і многіх іншых. Добра працуе на кормаздрабняльніку Уладзімір Белікаў.

 — На полі ля вёскі Марозаўка сёння задзейнічаны 12 адзінак тэхнікі для адвозкі і 2 кормаздрабняльнікі. Адлегласць да сянажнай ямы ад месца нарыхтоўкі кармоў прыкладна каля 6 кіламетраў. За кароткі час вадзіцелі  паспяваюць «абярнуцца» туды і назад, таму прастояў у кормаўборачных комплексаў ня­ма, — гаворыць началь­нік вытворчага ўчастка «Папоўка» Фёдар Конышаў.

 На трамбоўцы зялёнай масы заняты механізатар Аляксандр Пачко. Для прыгатавання сенажу выкарыстоўваюцца мінулагодняя салома. На працягу дня траншэя ў 700 тон была запоўнена.

 У час масавай нарыхтоўкі кармоў праца ўдзельнікаў «зялёнага жніва» арганізавана з 6 гадзін раніцы і да 20 гадзін вечара. Двойчы за светлавы дзень яны забяспечваюцца гарачым харчаваннем. Штодня ўдзельнікам касавіцы дастаўляюцца ў поле бюлетэні спаборніцтва, з якіх можна даведацца аб дзён­най выпрацоўцы і заработнай плаце. А яна неблагая, напрыклад, пры выкананні 2,5 нормы — складае 160-170 тыс. рублёў у дзень.

Ларыса

МУКАМОЛАВА.

На здымках: адзін з лепшых механізатараў на адвозцы Мікалай Кацура; тэхніка мехатрада на сенажаці.

 Фота аўтара.