На нарадзе ў кіраўніка раёна была разгледжана работа ЖКГ і АПК Сенненшчыны

На мінулым тыдні рабочую нараду з адказнымі работнікамі апарату райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада старшыня райвыканкама Віктар Цапота распачаў з кантролю выканання пратакола даручэнняў, зробленых напярэдадні. У прыватнасці,  акрамя сельскагаспадарчай вытворчасці, большасць з іх тычылася дзейнасці  жыллёва-камунальнай гаспадаркі: не ўсе як след былі адрэгуляваны пытанні са зборам бытавога смецця, забеспячэннем кантэйнерамі, работай грамадскіх лазняў у Сянно і Багушэўску, нарыхтоўкай гравійна-пясчанай сумесі для падсыпкі дарог у раёне гарпасёлка.

 Справаздача дырэктара ЖКГ Аляксандра Зеляні па зборы смецця і рамонту дахаў жылфонда не задаволіла кіраўніка раёна: занадта доўга ўзгадняюцца  з пассельвыканкамі пералік вёсак, што не ахоплены зборам  бытавых адходаў. Нават з тым насельніцтвам, якое ахоплена гэтай паслугай, далёка не поўнасцю заключаны дагаворы  на аплату, трэба перагледзець схемы збору смецця, бо асобныя з іх «працуюць» толькі  віртуальна. Няма належнай разваротлівасці і з рамонтам дахаў жыллёвага фонду, напрыклад, дамы ў Алексінічах, Машканах, Ульянавічах. Як выхад, ва Ульянавічах, падказаў Віктар Уладзі­міравіч, магчыма адрамантаваць адзін дом і перасяліць людзей у яго, а тым часам заняцца рамонтам дахаў іншых…

  Раёну неабходна выкупіць у бліжэйшы час звыш 50 адзінак тэхнікі, сярод якіх 9 трактароў Беларус-3022, адзін навейшы (першанец у раёне) — Беларус-3522, пяць — Беларус-1523, пяць малагабарытных трактароў, два — Амкадоры, апрысквальнікі, пратручвальнікі, раскідвальнікі арга­нічных і мінеральных угнаенняў, дыскатары, глебаапрацоўчыя пасяўныя агрэгаты, прэспадборшчыкі, самаходныя апырсквальнікі «Дзвіна» і інш.

 Пытанне з аплатай за гэту тэхніку стаіць даволі востра. У цэлым па раёне нават не складваецца на 1 мільярд 400 мільёнаў рублёў своечасовая выдача заработнай аплаты. Напрыклад, ААТ «Пурплева» не можа сёння знайсці 20 мільёнаў на аднаўленне глебаапрацоўчага пасяўнога агрэгата. то дзе гаспадарка знойдзе, скажам, 70 мільёнаў на новы дыскатар? Таму перад службамі райсельгасхарчу старшыня райвыканкама паставіў задачу: пераразмеркаваць разнарадку на новую тэхніку паміж тымі ААТ і КУСГП, якія маюць грошы і могуць яе выкупіць. Інакш гэта зробіць вобласць, і машыны, прызначаныя для Сянно, пойдуць у іншыя раёны.

 Грошы можна мець нарошчваючы вытворчасць малака і мяса. Рэалізацыяй апошняга ў першым квартале толькі  закрываюцца даўгі, што ўтварыліся пры выплаце зарплаты ў мінулым месяцы.

 Знізіліся тэмпы вытворчасці малака ў ААТ «Літусава». Даволі трывожнай застаецца сітуацыя ў ААТ «Кругляны». Калі нейкі «марафет» на фермах тут навялі, то з кармленнем парадку няма. Жывёла недакормліваецца. Кармасумесі не рыхтуюцца. Не папраўляецца становішча ў жывёлагадоўчым цэху ААТ «Какоўчына», КУСГП імя Гараўца.

 Упускаюцца пытанні злучкі матачнага пагалоўя. І няхай гэта не сённяшняе малако, але яго пры такой арганізацыі злучкі не будуць мець гаспадаркі і ў канцы бягучага, і ў пачатку наступнага гадоў.

 Расход малака на выпайку цялят знаходзіцца пад пастаяннай увагай дзяржкантролю. Але справа ўвогуле не ў гэтым, а ў тым, што гаспадаркі адчуваюць дэфіцыт абаротных сродкаў, у той жа час у патрабуемым аб’ёме не могуць рэалізаваць надоенае. Таму таварнасць значна ніжэйшая 90 працэнтаў.

 У Глыбоцкім раёне пачаліся веснавыя палявыя работы. Як падкрэсліў кіраўнік раёна Віктар Цапота, ніхто не заклікае «гразь мясіць», аднак порах трэба трымаць сухім і ў любы, больш-менш спрыяльны, час дружна выехаць у поле і да 1 мая завяршыць сяўбу збожжавых і зернебабовых, да 10 мая — астатніх яравых культур, у тым ліку і кукурузы.