КОСТЮМЧИК ОТ МАРИИ.

За швейнай машынкай Марыя Сяргееўна Крукоўская (на здымку) правяла больш за 30 гадоў свайго жыцця. З-пад іголкі ў яе майстравітых руках выходзілі спадніцы, касцюмы, сукенкі і, нават, вясельныя ўборы. У гардэробе многіх жыхарак гарадскога пасёлка і яго наваколляў знойдуцца адметныя рэчы,  пашытыя Марыяй Сяргееўнай.

 У часы яе маладосці магазінам бракавала таго багацця і разнастайнасці модных фасонаў, якое мы бачым сёння. Многім савецкім модніцам даводзілася альбо самім асвойваць швейную навуку, альбо давяраць свой знешні выгляд прафесійным (і не вельмі) швачкам. Што казаць пра вёску! Тут і пагатоў абшывалі самі сябе. У сям’і Марыі Сяргееўны якая жыла ў вёсцы Пасад (Багушэўскі сельсавет) таксама нярэдка браліся за іголку ды ніткі. З юнацтва дзяўчына ўсвядоміла: з  прафесіяй швачкі  без кавалка хлеба не застанешся. А таму, не раздумваючы, выбрала яе для сябе. Скончыла віцебскае вучылішча №19 па швейнай спецыяльнасці. Першым працоўным месцам стала атэлье «Паўлінка», што ў абласным цэнтры. Праўда, віцябчанкай Марыя Сяргееўна пабыла нядоўга. Выйшла замуж за земляка і ўслед за мужам вярнулася на малую радзіму, у Багушэўск. З таго часу і да сённяшняга  дня жанчына працуе ў атэлье гарпасялковага Дома быту (цяпер гэта камунальнае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання «Прэстыж»). Агульны працоўны стаж Марыі Крукоўскай у швейнай справе — 31 год. Сёлета жанчына пайшла на пенсію.

 — Яна ў нас — адзін са старэйшых і вопытнейшых работнікаў, —  рэкамендуе начальнік ўчастка Лілія Вакар.

 Не выпадкова Марыя Сяргееўна на прадпрыемстве займае пасаду брыгадзіра, узначальвае брыгаду з 13 швачак.

  — А некалі, уявіце сабе, тут працавалі 4 брыгады. Атэлье прымала па 120 заказаў у месяц, — успамінае яна.

 Сучаснасць дыктуе іншыя маштабы і асартымент. Адзе­нне масавага пашыву  карыстаецца большым попытам у спажыўцоў, чым  індывідуальныя паслугі швачак. Бытавікі  перакваліфікаваліся на пашыў спецадзення. У кліентах «Прэстыжа» многія буйнейшыя арганізацыі і прадпрыемствы,  Віцебшчыны і  Беларусі. А гэта значыць, што Марыя Крукоўская і яе калегі без працы, а значыцца і заробка, не застануца.

 За шматгадовую працу Марыя Сяргееўна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі, падзякамі. Яе партрэт змяшчаўся на раённай дошцы Гонару, на дошцы Гонару прадпрыемства. Для маладых спецыялістаў  яна не толькі брыгадзір, але і настаўнік, які дапаможа асвоіць усе прамудрасці швейнай справы.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.