Туманнай раніцай у Сянно ўвайшоў танк

 

Гэтым летам у Беларусі ўспаміналі пра трагічныя падзеі, звязаныя з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, у Сянно — ліпень 1941 года. У тыя дні горад тройчы пераходзіў з рук у рукі савецкіх і нямецкіх салдат, у ваколіцах адбывалася найбуйнейшая ў гісторыі Другой Сусветнай вайны танкавая бітва. Удзел у ёй прымала больш за дзве тысячы браніраваных машын і каля 36 тысяч салдат. Страты з абодвух бакоў былі вялікія.

 Афіцыйныя савецкія крыніцы пра падзеі 70- гадовай даўніны пад Сянно фактычна маўчалі, памяць пра іх нідзе не была ўвекавечана,— бітва была прайграна. Хоць стрымаць нямецкія войскі на шляху да Масквы цаной вялікіх страт удалося.

 Гістарычную несправядлівасць вырашылі выправіць улады раёна. Некалькі апошніх гадоў ішла актыўная перапіска з рознымі архівамі, мініс­тэрствамі Беларусі і Расіі. Па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы з’явіліся дзесяткі публікацый у сродках масавай інфармацыі, больш актыўна тэма стала распрацоўвацца ў гістарычнай навуцы. Фіналам мэтанакіраванай работы стала рашэнне аб устанаўленні на пастаменце ў Сянно танка ІС-3 (Іосіф Сталін). Яго сенненцам падаравала Міністэрства Узброеных Сіл Беларусі. А на днях машыну даставілі ў горад.

 Цяжкі танк ІС-3 пачаў выпускацца з канца 1945 года і знаходзіўся на ўзбраенні савецкіх войскаў амаль да канца 20 стагоддзя. А вось яго папярэднія мадэлі ІС-2, ІС-1 прайшлі выпрабаванне на палях Вялікай Айчыннай вайны.

 Адкрыццё помніка ў гонар танкавай бітвы пад Сянно, як мяркуецца, пройдзе ў пачатку верасня.

НА ЗДЫМКАХ: вядзецца ўстаноўка  танка на пастамент.