Хто на мора, а сенненец Хамянкоў на камбайн!

  Ужо на працягу 30 год Віктар Хамянкоў (на здымку) убірае ўраджай з сенненскіх палеткаў. І ў якой бы арганізацыі раёна ён не быў працаўладкаваны, падчас жніва мужчына садзіцца на камбайн і дапамагае роднай гаспадарцы.

 Вось і сёння Віктар Мікалаевіч прыйшоў на дапамогу ААТ «Студзёнка»,  хоць ужо 2 гады рупіцца ў КУП «Наш клопат».

 Хамянкоў — механізатар з вялікім стажам. Усё жыццё працуе з тэхнікай. Доўгі час кіраваў трактарам, на камбайне намалаціў не адну тысячу тон зерня.

 Нядрэнны вынік паказвае і  ў гэтым годзе. Разам з памочнікам Андрэям Пашкевічам ён  сабраў 355,8 тон збожжа (даныя на 12 жніўня). Гэта трэці паказчык па гаспадарцы. Апярэдзіць вопытнага камбайнера ўдалося толькі прыткім хлопцам Уладзіміру Івашку і Івану Панамарову. Але гэта не засмучае Віктара Хамянкова. Ён, як ніхто іншы, добра ведае, што ўраджай трэба своечасова сабраць з палеткаў, але, аднак, варта паклапаціцца і  пра тэхніку. Якасць — на першым плане. У бліжэйшы час, калі большая частка зерневых будзе ў амбарах, мужчына сядзе на «Дон», што належыць КУП «Наш клопат», і пачне абмалочваць хлеб на ўласных падворках. А гэта значыць, што ўборачная для Віктара Хамянкова яшчэ будзе  доўжыцца працяглы час.

Кацярына КАРПОВІЧ.

 Фота аўтара.