Жители Богушевского сельсовета выразили свою обеспокоенность

Больш за 20 зваротаў уключана ў пратакол даручэнняў старшыні раённага выканаўчага камітэта Васілія Чарадніка па пытаннях, якія агучылі жыхары Багушэўскага сельсавета, у час правядзення дня Савета. Такая вялікая колькасць зваротаў да ўлады ў значнай ступені абумоўлена тым, што на тэрыторыі пераважаюць дробныя аддаленыя населеныя пункты, многія з іх знаходзяцца на мяжы з Аршанскім і Віцебскім раёнамі. Тым не менш, гэта не падстава, каб кінуць людзей сам на сам з іх праблемамі, лічаць у райвыканкаме.

 Асобныя вяскоўцы выказвалі заклапочанасць па некалькіх праблемах. Мікалай Домкін, які жыве ў вёсцы Рэчкі, лічыць неабходным праверыць нагрузачную здольнасць падстанцыі зараз, каб яна не паднесла “сюрпрызаў” у асенне-зімовы перыяд. Вулічнае асвятленне ў вёсцы не адпавядае сацыяльным стандартам (ліхтароў няма ні ў пачатку, ні ў канцы населенага пункта), патрабуе рамонту лясная дарога, што звязвае вёскі Рэчкі і Лучоса, якую разбілі лесавозы. На думку Мікалая Домкіна, трэба абрэзаць векавыя дрэвы, што растуць па вёсцы. Іншую драўнінную расліннасць мясцовыя жыхары хацелі б выдаліць самі, выкарыстаўшы ў якасці дроў. Як зрабіць гэта законна, людзі не ведаюць. Каб вырашыць азначаныя праблемы прызначаны адказныя асобы з ліку кіраўнікоў раённых службаў і арганізацый. Будзе разгледжана магчымасць аднаўлення маста, які злучаў вёску і мясцовыя могілкі.

 Некалі жыхары вёскі Александрова таксама карысталіся пешаходным мастом, які быў перакінуты праз Абалянку і прыкметна скарачаў шлях да Ярошак, Машканоў. З гадамі ён разбурыўся. Каб аднавіць, неабходны сродкі, якіх у бюджэце Багушэўскага сельвыканкама няма, ва ўсякім разе – на сёлетні год. У пратаколе даручэнняў кіраўніку мясцовага органа ўлады Вячаславу Багданаву прадпісана вывучыць пытанне і запланаваць сродкі на будаўніцтва падвяснога маста. Жаданая мэта будзе абавязкова дасягнута, калі да яе рэалізацыі далучыцца мясцовае насельніцтва. Жыхарам вёскі Рыбнае, іншых населеных пунктаў, якія хвалююцца ў сувязі з павелічэннем кінутых хат і сядзіб, таксама прапанавана правесці суботнік і навесці там неабходны парадак.

 Пытанняў, прапаноў у час сустрэч з сельскім насельніцтвам, як правіла, паступае шмат. Усе яны вывучаюцца і з часам вырашаюцца. Аднак здараецца не заўжды адпавядаюць інтарэсам іншых асоб. У вёсцы Засценак адна з жыхарак папрасіла змяніць графік работы мясцовага магазіна. Наколькі яе прапанова спадабаецца астатнім пакупнікам, высветліцца шляхам вывучэння меркаванняў усіх жыхароў населенага пункта.

 Жыхары Багушэўскага сельсавета выказалі даволі шмат абгрунтаваных прэтэнзій у адрас ДРБУ-146. На многіх участках узбочыны дарог не абкошваюцца, праезная частка не грэйдзіруюцца, патрабуе падсыпкі жвірам.

Шмат работы ў энергетыкаў. І не толькі на лініях электраперадачы, падстанцыях. Выдаленыя пад ЛЭП дрэвы застаюцца доўгі час не прыбранымі. Між тым сельскае насельніцтва гатова выкарыстаць іх у якасці паліва.

 Сярод іншых праблем, якія носяць агульны для сельсавета характар, звяртае на сябе ўвагу прэтэнзіі да работы аўтамагазінаў райспажыўтаварыства. Здараецца, што ў іх не хапае на ўвесь маршрут нават хлеба, цукру, танных цыгарэт. Падобныя недапрацоўкі не на карысць таваразвароту гандлёвага прадпрыемства, абураюць пакупнікоў, а таму не застануцца без адпаведнай рэакцыі раённага выканаўчага камітэта, іншых органаў улады.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.