Грашовыя прэміі ад імя прафсаюзаў былі ўручаны лепшым прадстаўнікам аграрнай галіны раёна

    business10   На днях у раёне пабывала тэхнічны інспектар абласнога прафсаюза работнікаў гандлю Галіна Сінякова. Разам з Аляксандрам Макаранкай, старшынёй РК прафсаюза работнікаў АПК, яны наведаліся ў шэраг сельгасарганізацый раёна, дзе не толькі давалі рэкамендацыі па паляпшэнню ўмоў працы. Ад імя прафсаюзаў былі ўручаны грашовыя прэміі прадстаўнікам аграрнай галіны раёна, якія вызначыліся на жніве.

   Ва УП “Дружбінец” адзначана работа начальніка цэха раслінаводства Леаніда Кавалеўскага. У многім дзякуючы яму, сельгаспрадпрыемства атрымала даволі высокі ўраджай з гектара, выканала паспяхова дзяржаўны заказ па здачы зерня. Высокіх вытворчых паказчыкаў дасягнуў вадзіцель гаспадаркі Аляксандр Магучы. На перавозцы зерня ён паказаў адзін з лепшых вынікаў.

Уганаравана праца дырэктара Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі Валерыя Кучко. Унітарнае прадпрыемства першым у раёне справілася з уборкай зерневых культур, дасягнута ўраджайнасць вышэй за 40 цэнтнераў з гектара.

У ААТ “Белая Ліпа” прафсаюзная прэмія ўручана Аляксандру Распорскаму. Адзін з самых вопытных вадзіцеляў акцыянернага таварыства перавёз з поля на ток больш за 1 тыс. тон збожжа.

Як патлумачыў Аляксандр Макаранка, сродкі на прэміі выдаткаваны прафсаюзам работнікаў гандлю па рашэнні Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь.

 Аляксандр ІЎЕЎ.