Каманда Сенненскага раёна стала чацвёртай у абласной спартакіядзе «Сельскія гульні»

hTMV6Kz48ysКрыху не хапіла камандзе Сенненскага раёна, каб стаць прызёрам «Сельскіх гульняў — 2016».  

Абласная спартакіяда пад такой назвай прайшла ў спартыўна-аздараўленчым лагеры «Водналыжнік», што ў Полацкім раёне. Рэгіёны Віцебшчыны прадстаўлялі 19 зборных каманд.
Гонар Сенненшчыны абаранялі 26 спартсменаў з Машканоў, Белай Ліпы, Янова, Сянна. У праграме спаборніцтваў значыліся такія спартыўныя дысцыпліны, як настольны тэніс, лёгкая атлетыка, валейбол, стрытбол (вулічны баскетбол) і інш. Акрамя таго, удзельнікам патрабавалася крэатыўна прадставіць сваю каманду ў конкурсе візітовак.
Сапраўдная барацьба разгарнулася на міні-футбольным полі. У паўфінале сенненцы ва ўпартай барацьбе перамаглі з лікам 3:0 сапернікаў з Талачына, аднак, саступілі браслаўскім футбалістам па пенальці — 2:3.

Такім чынам, у гэтай дысцыпліне зборная раёна заваявала «серабро». Другое месца сенненскія спартсмены занялі і ў перацягванні каната, а таксама ў гіравым спорце, дзе, дарэчы, наш зямляк Сяргей Кацар у вазе да 90 кг заняў першае месца. У агульнакамандным жа заліку сенненцы сталі чацвёртымі.
Ірына ХАСАНАВА.