КАЛІ ПАМЯЦЬ КАРОТКАЯ

IMG_1183+++У перадапошні дзень месячніка па забеспячэнні бяспекі, умоў і аховы працы, які праводзіўся на тэрыторыі ўсёй краіны, мабільная група райвыканкама пабывала на машынных дварах, у майстэрнях УП «Дружбінец» і ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». На аб’екты абодвух сельгасарганізацый, яе транспарт трапіў без праблем. Скажам больш, у райаграсэрвісе ўязныя вароты на тэрыторыю машыннага двара не зачыняюцца з сакавіка.

Рэйдавая група райвыканкама — грамадскае фарміраванне, тым не менш яна працуе на пастаяннай аснове. У «Дружбінцы», напрыклад, была не так даўно. Таму маніторынг, які праводзіўся ў суправаджэнні загадчыка майстэрні Антона Маргаўцова, пачаўся з улікам тых недахопаў, што выяўляліся раней. На жаль, як давялося канстатаваць, многія з іх засталіся няўхіленымі, а значыць пагроза здароўю і жыццю людзей, захаванню матэрыяльных каштоўнасцей захоўваецца. У першую чаргу ўразілі маштабы выкарыстання ў якасці падставак для рамантуемай тэхнікі драўляных калодак. Часам яны накладваюцца адна на адну, што павялічвае пагрозу для людзей, якія знаходзяцца побач.
У майстэрні якраз вяліся зварачныя работы. Заўважыўшы гэта, Юлія Юльючэнка, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, якая курыруе пытанне захавання правілаў аховы працы на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна, адразу накіравалася туды. На электрагазазварачным апараце, на балонах кіслароду і прапану, стаялі не прайшоўшыя паверку манометры. Шкло аднаго з іх было разбіта. Пры гэтым зварачныя работы вяліся, як высветліла кіраўнік рэйдавай групы, без афармлення нараду допуску.
— З часу апошняй праверкі сітуацыя да лепшага ў майстэрні не памянялася, — канстатавала Юлія Ільючэнка.
Далей — болей. Высветлілася, што не ўся тэхніка ўкамплектавана першаснымі сродкамі пажаратушэння, аптэчкамі першай медыцынскай дапамогі. У Віктара Наваковіча, начальніка ДАІ РАУС, які прымаў удзел у рэйдзе, свае прэтэнзіі да кіраўнікоў інжынерна-тэхнічнай службы прадпрыемства. IMG_1177+++Як высветлілася, многія прычапныя агрэгаты не пазначаны святлоадлюстроўваючай лентай. Тое ж самае — на гужавым транспарце.
Са станоўчых момантаў, адзначаных членамі рэйдавай групы, ва УП «Дружбінец», наяўнасць паверанага алкатэстара і рэгулярнае перадрэйсавае медыцынскае асведчанне вадзіцеляў.
Сітуацыя з аховай працы фактычна такая ж і ў майстэрні ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». На многіх трактарах, што знаходзіліся ў майстэрні, няма вогнетушыцеляў, аптэчак. На газаэлектразварачным апараце выкарыстоўваецца кабель з пашкоджанай ізаляцыяй. На кран-балцы станцыі тэхнічнага абслугоўвання не закрываецца замок, што нясе пагрозу не толькі людзям, якія непасрэдна выкарыстоўваюць прыстасаванне для перасоўвання грузаў, але і ўсім, хто знаходзіцца ў памяшканні. І гэта не адзіная крыніца небяспекі. Таго і глядзі, што можна зваліцца ў адкрытыя аглядавыя ямы. Пасля наведвання двух буйнейшых сельгасарганізацый склалася такое ўражанне, што пра бяспечныя ўмовы працы для работнікаў ніхто не дбае. Быццам бы ўжо і не было ў раёне трагедыі на вуліцы Заходняя, калі на вачах у службовых асоб, якія былі абавязаны сачыць за захаваннем бяспечных умоў працы, загінуў чалавек.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

НА ЗДЫМКАХ: рэйдавая група на машынным двары УП «Дружбінец»; падобнае можна знайсці ў любой майстэрні.