Прадавец — дарадчык і памочнік

12Жыхарам аграгарадка Янова, каб набыць прамысловыя тавары, не трэба ехаць у райцэнтр ці нейкі іншы горад. Даволі багаты асартымент прапаноўвае мясцовы прамтаварны магазін.

Тут можна купіць ці заказаць прамысловыя вырабы, якія неабходны чалавеку ў паўсядзённым жыцці, ад будаўнічых матэрыялаў да крэма для галення. Прапаноўвае вясковая крама і адзенне з абуткам, няхай не апошняга «піску» моды, але ўпаўне рэспектабельнае.
Прадаўцы магазіна — людзі да сваіх абавязкаў неабыякавыя, параяць, растлумачаць пакупніку, што лепш набыць, раскажуць пра якасці тавара, нават дапамогуць падлічыць патрэбны «метраж» тканіны для будучага швейнага вырабу.
«Працуем ва ўзаемадзеянні з мэблевым прадпрыемствам «Пінскдрэў», знаёмім пакупнікоў з каталогамі, калі трэба, кансультуемся з таваразнаўцам райспажыўтаварыства. Хутка свята мужчын, а неўзабаве — і жанчын. У магазін будуць прыходзіць за падарункамі. Заўсёды нешта падкажам, прапануем… Часта просяць парады вучні мясцовай школы, каб набыць падарункі сваім аднакласнікам», — расказвае прадавец 4 разраду Людміла Цуран.
Яна трэці год працуе за прылаўкам і паспела ўжо палюбіць сваю работу. Гэта трэцяя прафесія, якую асвоіла Людміла Васільеўна. Швачка па адукацыі, яна працавала на спіртзаводзе біятэхнолагам. Але з «дэкрэтнага» водпуску выйшла на работу ў магазін (як раз патрэбны быў прадавец), бо завод працаваў ў тры змены, што не задавальняла жанчыну.
Людміла і не шкадуе, што памяняла работу. Ёй падабаецца кантактаваць з людзьмі, адчуваць сваю неабходнасць. Ды і з загадчыцай магазіна Наталляй Бярэзінай спрацаваліся добра. Прадавец са спецыяльнай адукацыяй і вялікім стажам, Наталля Сяргееўна заўсёды гатова падставіць сваё надзейнае плячо менш вопытнай калезе.
У звычайны дзень магазін наведваюць больш за 40 чалавек, а ў перадсвяточны і святочны — да 60. Прыходзяць жыхары з суседніх вёсак Ледневічы, Нярэйша, Бяленева. «Калі ёсць у людзей грошы, ёсць і пакупнікі», — гаворыць Людміла Цуран.
Вытворчыя паказчыкі калектыў магазіна выконвае, сярэднямесячны тавараабарот складае каля 120 мільёнаў рублёў.
Таццяна Буракова.