«Запальвалі» Дзеды марозы

дед2

Весела і незвычайна сустрэлі Новы год члены клуба “Наедине” Сенненскай раённай цэнтральнай бібліятэкі.

Кіраўнік клуба Лілія Кулік, яна ж вядучая вечара, разам са сваімі калегамі — работнікамі ўстановы культуры — падрыхтавала цудоўную забаўляльную праграму. Удзельнікі навагодняга свята павесяліліся ад душы, бо да іх завіталі аж чатыры Дзеды Марозы.
Што добрае прынёс адыходзячы год, якія мары і надзеі звязаны з новым, як плануеце сустракаць навагоднія святы, што хацелі б пажадаць сваім сябрам? Адказы на пытанні вядучай зрабілі атмасферу мерапрыемства па-сапраўднаму шчырай і добразычлівай.
І пачаліся цуды і сюрпрызы. Першы Дзед Мароз, вытрымаўшы жартоўны тэст на пацвярджэнне свайго звання, нечакана ўзяў у рукі гармонік. Сюрпрыз-гульня “Песні ў капелюшы” прайшла пад цудоўны музычны акампанемент.
дедНаступнаму Дзеду ўдзельнікі свята чыталі вершы пра зіму і ёлку, а потым зусім як дзеці радаваліся атрыманай цукерцы. Яшчэ адзін галоўны навагодні госць сыграў чароўную мелодыю на трубе. А чацвёрты аказаўся адметным жартаўніком, яго трапныя слоўцы выклікалі, што называецца, смех да слёз.
Шмат чаго ў гэты вечар было ў чытальнай зале раённай бібліятэкі. Навагодняя крыжаванка, катанне на “конях”, кампліменты посаху Дзеда Мароза, танцы з паветранымі шарыкамі, упрыгожванне “ёлкі”, карагод, гераіня Новага года Каза… А “Снягурак”, як жа ў Новы год без іх, Дзеды Марозы выбіралі з залы.
“Дыскатэка Дзедаў Марозаў” запрасіла “ў круг” усіх гасцей вечара, які скончыўся традыцыйным для клуба “Наедине” салодкім сталом.
Таццяна Буракова.
На здымках: на “Навагодняй сустрэчы Дзедаў Марозаў”.
Фота аўтара.