Падары кропельку сваёй душэўнай цеплыні

IMG_2710_Сенненцам з абмежаванымі магчымасцямі дапамагаюць у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Тут для кожнага знойдзецца занятак. Хтосьці займаецца творчасцю, вывучае камп’ютар, вучыцца гатаваць. У аддзяленні працуе пяць гурткоў. Але самае галоўнае,  людзі, для якіх увесь свет падчас заключаны ў сценах кватэры, атрымліваюць магчымасць мець зносіны.
З гэтай мэтай наладжваюцца  розныя мерапрыемствы. Некаторыя з іх сталі традыцыйнымі, напрыклад, з нагоды дзяржаўных і асабістых свят. Нярэдка на іх запрашаюцца прадстаўнікі розных сфер грамадства,  што дазваляе людзям з абмежаванымі магчымасцямі пастаянна знаходзіцца ў плыні жыцця, быць у курсе грамадскіх спраў.
На днях прайшоў шашачна-шахматны турнір паміж наведвальнікамі аддзяленняў штодзённага знаходжання для інвалідаў Сенненскага і Чашніцкага ТЦСАН. Падтрымаць землякоў прыйшлі жыхары райцэнтра, сябры аддзялення і аматары гульні ў шахматы Сяргей Кацар, Сяргей Гарнак, Аляксандра Краўчанка.
На працягу года ў рамках сацыяльнага праекта «Добро пусть каждого коснётся» аддзяленне плённа супрацоўнічае з сярэдняй школай №1 г.Сянно імя Заіра Азгура. Вучні і інваліды наведваюцца адзін да аднаго, і не толькі ў святочныя дні.  Першыя  актыўна ўдзельнічаюць у вырашэнні сацыяльна-бытавых пытанняў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Карысць ад такога  супрацоўніцтва ўзаемная: адны вучацца спагадаць, другія адчуваць сябе часткай соцыуму.
Іх актыўнасці, аптымізму можа пазайздросціць большасць з нас. Вось і сёння наведвальнікам аддзялення некалі думаць пра цяжкі лёс, на які мы, здаровыя, так любім наракаць. яны рыхтуюцца да ўдзелу ў абласным конкурсе «Смотри на меня как на равного», які пройдзе заўтра ў Віцебску. Мерапрыемства ладзіцца штогод.  Летась сенненцы вярнуліся з яго з электроннай кнігай у якасці прыза. Сёлета гонар аддзялення будуць абараняць вакальны ансамбль «Вясёлыя музыканты» і самадзейная паэтка Наталля Васілеўская. Шчыра жадаем ім поспеху.
Хвароба не  выбірае ні месца, ні час, ні чалавека. Ніхто не застрахаваны ад няшчасця. Варта памятаць пра гэта. І мы не можам, не павінны ціхенька стаяць убаку ад праблем інвалідаў ці праходзіць міма, не заўважаючы іх. Можна дапамагчы добрым словам, учынкам, падарыць кропельку сваёй душэўнай цеплыні.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.
На здымку: на занятку гуртка дэкаратыўна-мастацкай творчасці «Дарніца»,
якім кіруе Кацярына Барсукова.

Фота  Андрэя МУРАШЭВІЧА.