У Аляксандра Папкова з’явіўся канкурэнт
З 15 ліпеня пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Яно працягнецца па 30 жніўня. Вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, згодна з заканадаўствам, могуць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў.
Як паведамлялася ў нашай газеце, Аляксандр Папкоў вылучаны кандыдатам у дэпутаты працоўным калектывам ДЛГУ «Багушэўскі лясгас». Акрамя таго, акружной выбарчай камісіяй Сенненскай выбарчай акругі № 30 зарэгістраваны дзве ініцыятыўныя групы па збору подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага склікання:
Папкова Аляксандра Андрэевіча, 1948 года нараджэння, беспартыйнага, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання, члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па дзяржаўнаму будаўніцтву, мясцоваму самакіраванню і рэгламенту, які жыве ў Мінску;
Скіндзерава Генадзя Васільевіча, 1945 года нараджэння, пенсіянера, беспартыйнага, які жыве ў в. Арлова Акцябрскага сельсавета Віцебскага раёна.
Членам ініцыятыўных груп выданы адпаведныя пасведчанні і падпісныя лісты для збору подпісаў выбаршчыкаў.
Акруговая выбарчая камісія звяртае ўвагу выбаршчыкаў, што ў падпісным лісце ўказваюцца прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, пасада (занятак), месца работы, месца жыхарства, партыйнасць асобы, што прапануецца для вылучэння кандыдатам у дэпутаты, а таксама прозвішча, імя, імя па бацьку члена ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы, і нумар рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Выбаршчык асабіста ставіць у падпісным лісце дату і падпісваецца.
Пры зборы подпісаў член ініцыятыўнай групы павінен мець дакумент, які сведчыць аб асобе, і пасведчанне акруговай камісіі. Названыя дакументы прад’яўляюцца выбаршчыкам.
Члены ініцыятыўнай групы не маюць права пры зборы подпісаў распаўсюджваць іншыя друкаваныя матэрыялы, акрамя як прадастаўляць для азнаямлення інфармацыйныя звесткі з біяграфічнымі данымі асоб, у падтрымку якіх праводзіцца збор подпісаў.
Все материалы номера читайте в «ГС» за 27 июля 2012 года, №59