Як спраўлялі вяселле ў музеі

Вяселле ва ўсе часы і ва ўсіх народаў свету лічылася самым яркім, прыгожым і адказным рытуалам, бо дзякуючы яго здзяйсненню, стваралася новая сям’я — прадаўжальнік канкрэтнага роду і наогул роду чалавечага. У час вяселля заўсёды праводзіліся важныя абрадавыя дзеянні.

 Магчыма, менавіта таму месцам рэгістрацыі сваёй сям’і маладажоны, мінчанін, работнік УП «Кордаўта» Дзмітрый Знак і ўраджэнка в.Ст.Беліца, студэнтка Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа Анастасія Кулік, выбралі Сенненскі гі­сто­рыка-краязнаўчы му­­зей.

 На парозе ўстановы культуры вясельную працэсію сустрэлі апранутыя ў нацыянальныя касцюмы супрацоўнікі музея Браніслава  Жалтабрухава і Іва Шубка. Пасля ўрачыстай рэгістрацыі, дзе маладыя пакляліся быць вернымі адно аднаму на ўсё жыццё, дзейства, сцэнарый якога распрацавала галоўны захавальнік музея Браніслава Жалтабрухава, перанеслася ў імправізаваны вясельны пакой музея. У яго Дзмітрый і Анастасія трапілі, прайшоўшы пад дугой, на якой размяшча­лася лялька-абярэг «Неразлучнікі».

 Вясельны абрад на Беларусі, як ніякі іншы, вылучаецца высокай ступенню захаванасці. Выкананне абрадавых дзеянняў (ці хаця б асноўных з іх) да нашага часу лічыцца абавязковай умовай будучага шчасця маладых.

 Адно з асноўных абрадавых дзеянняў — пасад нявесты на хлебную дзяжу. Яно і адбылося ў размешчанай у зале музея экспазіцыі «Беларускае вяселле: традыцыі і сучаснасць».

 Сімволіка дзяжы здавён цесна звязана з сімволікай хлеба, плоднасці. Дзяжа ў беларускай традыцыі асацыіруецца з жаночым чэравам. Як расце-падымаецца цеста ў дзяжы, так расце дзіця ў лоне маці. Дзяжа ў абрадавай практыцы заклікана спрыяць нараджэнню. На яе садзілася парадзіха ў час цяжкіх родаў. А на цеста, якое падыходзіла ў дзяжы, клалі хворае дзіця. Лічылася, што дзяжа, у якой расце каравай, здольная перадаць чалавеку такія вартасці, як доля, багацце…

 Быў выкананы таксама абрад павязвання рук маладых ручніком. Сімволіка ручніка — гэта заўсёды ахова, спрыянне, добразычлівы ўплыў, добраславенне вышэйшых сілаў. Вясельны ручнік-повязь выконвае рытуальную ролю повязі двух пачаткаў — мужчынскага з жаночым, дзвюх сем’яў, двух родаў праз свае семантычныя знакавыя ўласцівасці, якія ўвасоблены ў арнаменце на ручніковым палатне.

 Рэдка якое з сучасных вяселляў абыходзіцца  без спрадвечнай традыцыі   абсыпання маладых жытам. Пасля завяршэння абраду супрацоўніцы музея  абсыпалі зернем жані­ха і нявесту і іх шлях у будучае сумеснае жыццё.

 Усе гэтыя абрадавыя дзеянні паходзяць з  глыбокай даўніны і з’яўляюцца чырвонай нітачкай, што звязвае нас, сучасных людзей, з продкамі. Тым больш сімвалічна, што будынак, дзе знаходзіцца музей і адбываліся рэгістрацыя і вясельны абрад, з’яўляецца помнікам архітэктуры, якому сёлета спаўняецца  100 гадоў.

 Традыцыя праводзіць рэгістрацыю вяселля ў розных установах культуры ў Мінску, напрыклад, існуе ўжо пэўны час. У нас жа гэта справа толькі пачынаецца. Але, спадзяёмся, таксама стане традыцыйнай.

Таццяна Буракова.