Хадчанскія весялухі

 Назіраючы здалёк за групай жанчын у незвычайна маляўнічых строях, міжволі любуюся імі. Стоячы ў засені «сінайскіх» сосен красуні ў адмысловых сукенках, палы якіх прыгожа развіваў вятрыска, распяваліся — рыхтаваліся да выступлення ў святочным канцэрце, прысвечаным юбілею горада. Пэўна, заезджыя артысты, меркавала я, накіроўваючыся да зацікавіўшага мяне «аб’екта» фотаздымкі. Ужо на падыходзе разглядзела: дык гэта ж сенненскія дзяўчаты!

— Такі шыкоўны падарунак нам зрабіў сёлета раённы Дом рамёстваў, — расказалі ўдзельніцы вакальнай групы «Весялуха» Ходцаўскага Дома культуры пра свае сцэнічныя ўборы. 

 Дапамогу ў выбары эскізаў касцюмаў аказалі спецыялісты ад­дзела культуры райвыканкама, ну а народныя майстры таленавіта ўвасобілі іх у жыццё. Адзінаццаць бялюткіх ільняных кашуль, упрыгожаных ручной вышыўкай ды каляровымі атласнымі сарафанамі плюс яскравыя абручы ў якасці галоўнага ўбрання — усё гэта пашыта-вышыта залатымі рукамі майстрых Тамары і Ганны Кучынскіх, Іны Стычынскай.

  «Весялуха» — калектыў адносна малады. У сённяшнім выгля­дзе гурт існуе ўсяго год. Але перадгісторыя ў яго дастаткова багатая. Пры мясцовым Доме культуры заўсёды існавалі аматарскія згуртаванні, якія аб’ядноўвалі самародных спевакоў і спявачак. Многія з тых, хто калісьці пачынаў у іх, цяпер складаюць аснову «Весялухі». Сярод ветэранаў песні — заатэхнік ДП «Саўгас імя Машэрава» Галіна Лебедзева, настаўніца Ходцаўскай школы Галіна Данілава, прадавец Святлана Прасвяшчэннікава. Нядаўна ў вакальную групу прыйшла новая спявачка — санітарка Ходцаўскай амбулаторыі Наталля Рачкоўская.

  Ні ўзрост, ні сацыяльны статус не маюць аніякага значэння для ўдзель­ніц гурта. Галоўнае, упэўнены яны, — любіць песню.

 З 11 «весялух» толькі 4 прафе­сійна звязаны з музыкай. Таццяна Вярцінская выкладае баян у Сенненскай дзіцячай школе мастацтваў і Ходцаўскім філіяле Машканскай ДШМ. У апошняй працуе выкладчыцай Наталля Мефадзіенка. Алеся Даукшас — дырэктар Ходцаўскага Дома культуры. Там жа мастацкім кіраўніком рупіцца і Любоў Жукоўская. Астатнія сем — прадстаўніцы самых розных прафесій. Так, Наталля Леўчанка працуе сацыяльным работнікам, Таіса Шарэнда — дзіцячай медсястрой, Надзея Ліванская — тэхнічным работнікам. Праўда, многія ў свой час скончылі мясцовую музычную школу. Першапачатковая музычная адукацыя вельмі дапамагае.

 — Наш жаночы калектыў вельмі таварыскі. Разам мы не толькі на сцэне, але і ў паўсядзённым жыцці. Сумесна працуем, святкуем, весялімся, — адзначае Любоў Жукоўская.

  Менавіта сваім пазітывам хадчанская «Весялуха» і запальвае людскія сэрцы. 

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

 P.S. Чытаць далей у «ГС» №55 ад 14 ліпеня 2012 года