Гаворым па-сенненску
Першае напаўненне рубрыкі ішло з асабістага журналісцкага вопыту. Карэспандэнты газеты падчас сваіх раз’ездаў па раёне стараліся не абмінуць увагай цікаўнае слоўца ці выраз, якіх у сенненскіх вёсках ды мястэчках можна пачуць нямала. А сёння, што вельмі прыемна, да гэтай работы далучыліся і нашы чытачы. Асабліва шчыра падзякаваць хочацца настаўнікам беларускай мовы, у прыватнасці Беліцкай, Літусаўскай, Какоўчынскай, абедзвюх сенненскіх школ. Тая праца па зборы дыялектызмаў, што яны праводзяць са сваімі вучнямі, садзейнічае ўзбагачэнню беларускай мовы і культуры, а галоўнае паслужыць фарміраванню гордасці за свой край і народ. Запрашаем да супрацоўніцтва ўсіх жыхароў Сенненшчыны. Тэлефануйце па нумары 4-12-57, дасылайце па пошце на адрас: 211120, г.Сянно, вул.Чкалава, 4а; на электронную скрыню: rd@vitebsk.by; пакідайце ў «Каментарыях» на сайце www.senno.by. Давайце разам складзём слоўнік сенненскай мовы.
Сваімі «моўнымі залацінкамі» падзялілася з «раёнкай» жыхарка Сянна Надзея Стрыжнёва. Усе словы жанчына пачула ў вёсцы Белая Ліпа Ходцаўскага сельсавета.
Берка (націск на першы склад) — бярозавы сок;
Пірадок, пірадочак (націск на трэці склад) — невысокая лавачка;
Шахва (націск на першы склад) — навясная шафа.
А гэтую падборку дыялектаў з вёскі Полымя даслала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Беліцкай ДССШ Вольга Чарнышкова.
Сахор (націск на другі склад) — вілы.
Ветліца (націск на першы склад) — веснічкі.
Катанка (націск на другі склад) — сумка.
Каруза (націск на другі склад) — кукуруза.
Уладзіцца (націск на першы склад) — уладкавацца.
Сваё слоўца знайшлі полымянцы і для тэхнічных навінак. Мабіль (націск на другі склад) — мабільны тэлефон.
А гэтае трапнае слоўца зацікавіць сучасных модніц
Кандалы (насціск на апошні склад)— туфлі на высокіх абцасах.