Народному кукольному театру книги «Петрушка» — 30 лет
Роўна 30 гадоў прыцягвае ўвагу маленькіх чатачоў народны лялечны тэатр кнігі «Пятрушка» Сенненскай дзіцячай раённай бібліятэкі.

Цікавыя сюжэты, вясёлыя песні, рознакаляровыя лялькі – асноўныя і нязменныя «інструменты» ў працы мясцовых артыстаў. А ўсмешкі і апладысменты – іх галоўныя падарункі ад юных гледачоў.
Сёння сваімі талентамі радуюць 15 супрацоўнікаў культуры. Па словах кіраўніка тэатра Таццяны Прачуханавай, у 2025 годзе артыстамі была праведзена працаёмкая работа: удзельнікі тэатра паказалі 22 прадстаўленні.
Асабліва плённа тэатр адпрацаваў падчас асенніх і вясенніх канікул. Ва ўтульнай зале бібліятэкі, а таксама ў іншых установах гледачамі стала каля 400 юных сенненцаў. Найбольш цікавымі для дзяцей былі спектаклі «Волшебный калпачок», «Природа — это мы», «Непослушная Настя», «Веселый огород», «Летняя сказка».
Знайшоў водгук у сэрцах хлопчыкаў і дзяўчынак спектакль паводле беларускай казкі «Заяц, ліса і пеўнік». Цікавы сюжэт дапамог дзецям распазнаць нядобрыя намеры, навучыў не давяраць першым сустрэчным і клапаціцца пра свае інтарэсы. Як адзначаюць супрацоўнікі бібліятэкі, да новых пастановак былі зроблены лялькі — бабёр, жаба, хлопчык і іншыя. Акрамя таго, абнавіліся дэкарацыі і музычнае суправаджэнне.

У лістападзе мінулага года калектыў тэатра прыняў удзел у абласным конкурсе лялечных тэатраў і батлеечных калектываў «Лялечны свет», дзе за казку «Кот-хвастун» быў адзначаны дыпломам 2 ступені. Дружным смехам і працяглымі апладысментамі гэты ж спектакль сустрэлі дзеці ў Сенненскім цэнтры карэкцыйнага развіцця і абілітацыі. Па словах Таццяны Прачуханавай, сустрэча з добрай кнігай для маленькага чытача гэта заўсёды падарожжа ў казачны свет. А «Пятрушка» — прастора, дзе нараджаецца любоў да чытання праз гульню, творчасць і жывыя эмоцыі.
ДАВЕДКА. Калектыў народнага лялечнага тэатра кнігі «Пятрушка» быў створаны ў 1996 годзе. Першым яго кіраўніком стала Валянціна Тарасаўна Цярэнцьева. У 2011 годзе тэатр атрымаў званне «Народнага». Апошняе пацвярджэнне свайго статуса — у 2023 годзе.
Вольга КАРПАВА.
Фота аўтара.
