Восень у Сенненскім раёне сёлета пахла не толькі апалай лістотай, але і свежай стружкай, духмянай лазой і прадчуваннем навагодняга свята
Восень у Сенненскім раёне сёлета пахла не толькі апалай лістотай, але і свежай стружкай, духмянай лазой і прадчуваннем навагодняга свята.

Пакуль за вокнамі кружылі першыя халодныя вятры, у школьных майстэрнях і класах школ і РЦДіМ кіпела ціхая, амаль чароўная праца — дзясяткі юных талентаў стваралі сваю зімовую казку. Адразу тры яркія творчыя спаборніцтвы – «Калядная зорка», «На добрую памяць» і «ТэхнаЁлка» — сабралі сапраўдны россып дзіцячых ідэй і майстэрства.

На выставе «Калядная зорка» сорак два юныя ўмельцы даказалі, што народныя традыцыі жывыя, пакуль да іх датыкаюцца дзіцячыя рукі. З-пад разцоў, пэндзляў і спіц выходзілі дзіўныя рэчы: ажурнае прапільнае разьбярства, цёплыя вырабы з бяросты і яловага кораня, далікатны роспіс па шкле. Шаснаццаць найлепшых работ былі накіраваны на ўдзел у абласным этапе. Сваім талентам асабліва яскрава бліснулі пераможцы — Іван Блажкоў і Дарына Кацэр з другой гарадской школы, Мацей Рабцаў з Ходцаў, а таксама выхаванцы РЦДіМ Дар’я Карповіч, Марыя Яблакава, Соф’я Маскоўская, Алена Таранава і Яна Ткачэнка. А ў межах акцыі «Ёлкі маёй краіны» ўсіх зачаравалі вязаныя «Марозныя сябры» Марыі Яблакавай, якія нібыта сышлі са старонак добрай казкі.

Не менш душэўнага цяпла хлопчыкі і дзяўчынкі ўклалі ў работы для конкурсу «На добрую памяць», прысвечанага дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». У кожнай кампазіцыі, няхай гэта будзе падарунак да свята ці пано да 140-годдзя Марка Шагала, адчувалася шчырасць і гонар за родны край. Сапраўдным гімнам беларускім традыцыям стала праца «Далучэнне да вытокаў» Дар’і Карповіч і Марыі Яблакавай, якая заваявала дыплом першай ступені.

А тым, хто прывык глядзець у будучыню праз прызму навукі і тэхнікі, абшар для фантазіі падарыў конкурс «ТэхнаЁлка». Юныя інжынеры зірнулі на галоўны навагодні сімвал па-новаму, злучыўшы святочны настрой з дакладным разлікам і смелым дызайнам. Пакарыў журы сваёй арыгінальнасцю экспанат «Кіналенты Калядаў» Івана Пракаповіча з цэнтра дзяцей і моладзі, а ў камандным заліку свежым індустрыяльным поглядам запомніўся праект Артура Лаўрыновіча і Яўгеніі Таранавай са Студзёнкаўскай школы. За кожнай такой перамогай стаіць не толькі дзіцячы талент, але і цярпенне, натхненне і мудрасць педагогаў, якія здолелі разглядзець у вучнях іскру творчасці. Згадзіцеся, сапраўдны навагодні цуд пачынаецца з любові да сваёй справы і роднага краю.

Валянціна КАРЖЫЦКАЯ, загадчык аддзялення дадатковай адукацыі Сенненскага РЦДіМ.
