Сардэчныя раны не загаіць

 Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Ларысе Акбалян, жыхарцы Сянна, было крыху больш года. Бацька загінуў у першыя дні вайны, і падрабязнасці яго смерці родныя не ведаюць і дагэтуль. Маці не стала ў 1943-м. Выхавалі Ларысу Іванаўну бабуля і родныя цёткі.

Кніга «Памяць. Лёзненскі раён», некалькі старых фотаздымкаў маці і ўспаміны бабулі — скупыя ўрыўкі з біяграфіі сям’і Ларысы Акбалян. Іх жанчына захоўвае як самае дарагое.

У яе дзіцячай памяці не адбіліся ваенныя падзеі. Пра тое, што давялося перажыць, праз што прайсці, ужо дарослай даведалася ад бабулі Марфы.

Вайна заспела Ларысу Іванаўну і яе маці на Лёзненшчыне ў вёсцы Засігава. Калі восенню 1943 года пачаліся ваенныя дзеянні па вызваленні раёна, стала асабліва неспакойна. Адступаючы, ворагі ішлі праз вёску. Часта бамбіла населены пункт нямецкая авіяцыя. У такія хвіліны людзі вымушаны былі хавацца ў лесе. Аднойчы, у час чарговых налётаў, асколкамі ад узарваўшайся побач бомбы была смяротна паранена маці маёй субяседніцы Марыя Ляшчова. Маленькую Ларысу, якую  жанчына трымала на руках, выбухной хваляй адкінула ва ўтварыўшуюся варонку глыбінёй у некалькі метраў. Дзяўчынку выпадкова знайшла яе бабуля.

Змучанае ад крыкаў скрываўленае цельца ўнучкі напужаная жанчына адразу занесла ў палявы шпіталь. Ларыса атрымала сур’ёзныя раненні: на маленькай ручцы адарвала ўказальны палец, дзяўчынка страціла зрок на адно вока, істотна пацярпелі ногі. Тры гады яна не ха­дзіла. Бабуля рабіла ўсё магчымае, каб дапамагчы ўнучцы. «Памятаю, як яна расцірала мне ногі, прыкладвала розныя прымочкі, вазіла да медыкаў, — расказвае Ларыса Іванаўна. — Яе ніколі не пакідала надзея вярнуць мяне да паўнацэннага жыцця».

Пасляваеннае жыццё лёгкім не было. Праблем хапала і ў сям’і Ларысы. На плячах бабулі ляжаў клопат аб яшчэ дзвюх непаўналетніх дачках. Але як бы складана ні было, яна ніколі не скардзілася на лёс. І нават, калі прыйшлі прадстаўнікі ўлады, каб забраць Ларысу (як сірату) у прытулак, бабуля наадрэз ім адмовіла.

Тры класы дзяўчынка скончыла ў мясцовай школе. Потым яе забралі да сябе родзічы, якія ў пошуках лепшага жыцця перабраліся на Смаленшчыну (в.Шэравічы Руднянскага раёна).

Ваеннае ліхалецце пакінула адбітак у душы жанчыны, але не зламіла яе. Яна адвучылася ў сельскагаспадарчым Вялікалукскім інстытуце на факультэце «Ахова раслін», дзе пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Грач Акбалян, армянін па нацыянальнасці, таксама вучыўся па гэтай спецыяльнасці. Пасля інстытута яны працавалі ў Казахстане, потым перабраліся ў Беларусь, у Сянно.  Да выхаду на заслуговы адпачынак працавалі ў раённай станцыі па ахове раслін. Грач Акбалян узначальваў арганізацыю, Ларыса Іванаўна была вядучым спецыялістам.             Яны выхавалі дваіх цудоўных дзяцей, якія сёння ўжо дарослыя і маюць свае сем’і.

Не знойдзеш такіх слоў, каб суцешыць людзей, якія сталі сведкамі вайны. Няма ў свеце такіх лекаў, каб загаіць іх раны. Як сказала Ларыса Іванаўна, гэтыя раны не толькі на целе, яны ў сэрцы.

Жанчына вельмі шкадуе дзяцей, якім патрэбна дапамога ў лячэнні. Неаднаразова дасылала грошы на рахунак хворых. «Я разумею, як ім неабходна падтрымка, — гаворыць яна. — Сама ў дзяцінстве шмат хварэла, дзякуй, людзі выратоўвалі. Таму хачу спадзявацца, што і мая, няхай і невялікая, сума грошай  у капілцы дапамогі адыграе сваю ролю».

Ала ЯКАЎЛЕВА.

 

 

admin

Recent Posts

Есть люди, которые не просто живут, а горят жизнью — Снежанна Метелица яркий тому пример

Есть люди, которые не просто живут, а горят жизнью. Они не ждут, когда что-то произойдет,…

14 часов ago

Какие услуги может оказать социальный работник, рассказали в Минтруда

Какие услуги может оказать социальный работник, рассказали в пресс-службе Министерства труда и социальной защиты, сообщает…

15 часов ago

Более 10 лет ЧТУП «ВудФрам» на рынке деревообрабатывающей промышленности

Более 10 лет ЧТУП «ВудФрам» на рынке деревообрабатывающей промышленности. Специализируется на изготовлении деревянных конструкций, деталей,…

16 часов ago

В Сенно водитель мотоцикла не справился с управлением

🏍Не справился с управлением Вчера, 30 октября, не имеющий права управления житель райцентра 1990 г.р.,…

1 день ago

Традиционный праздник-конкурс «Лялечны свет» 5 ноября в Сенно соберет 17 кукольных театров и батлеечных коллективов Витебской области

Традиционный праздник-конкурс «Лялечны свет» 5 ноября в Сенно соберет 17 кукольных театров и батлеечных коллективов…

1 день ago

В период с 3 по 16 ноября на территории Сенненского района пройдет комплекс оперативно-профилактических мероприятий по противодействию незаконному обороту наркотиков

⚡️В период с 3 по 16 ноября на территории Сенненского района пройдет комплекс оперативно-профилактических мероприятий…

1 день ago