Захавальніца вёскі. Як жывецца адзінай жыхарцы вёскі Першамайская Нямойтаўскага сельсавета Сенненскага раёна?

Аб населеным пункце сведчыла хіба прыдарожная шыльда. Шчыльнае кустоўе­ ўжо паспела «паглынуць» рэшткі дамоў, а замест агародных надзелаў раскінуліся жытнёвыя палеткі. І толькі невялікая хата са скрозь увітай вінаградам яблыняй на падворку нагадвала аб тым, што жыццё тут яшчэ цепліцца.

Першамайская — вёска ў Нямойтаўскім сельсавеце адносна маладая, але ўжо паспела патрапіць у спіс знікаючых. Яна ўтварылася ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя як сядзіба машынна-трактарнай станцыі. Менавіта сюды ўслед за мужам перабралася ўраджэнка Дамашэва, а цяпер адзіная жыхарка Першамайскай Вольга Пракопаўна Ляйчонак.

Шчуплая гаспадыня сустрэла нас, карэспандэнтаў «раёнкі», прыветна, хоць і завіталі мы да яе неспа­дзявана: ехалі асвятляць працу камбайнераў мясцовага сельгаспрадпрыемства. Светлыя вочы Пракопаўны засвяціліся радасцю ад таго, што хтосьці парушыў яе адзіноту. Суразмоўнікаў (тых, хто выслухае, з кім можна пагаманіць за жыццё) бабулі не хапае.

«Калі б мне хто раней сказаў, што я на старасці гадоў тутачка адна застануся, не паверыла б!» — прызнаецца наша субяседніца. У Першамайскай яна жыве больш за 60 гадоў. На МТС працаваў слесарам яе гаспадар. Вось ужо 29 гадоў як яго няма на гэтым свеце. Бабуля Вольга была даяркай, працавала ў паляводчай брыгадзе: «Усё ўручную рабілі». Сам пасёлак быў адносна невялікім — жыхароў, мо, з 15, успамінае яна. З цягам часу хто памёр, каго на старасці гадоў дзеці забралі да сябе.

Зараз Першамайская ажывае хіба падчас пасяўной ды ўборачнай, калі на бліжэйшых палетках шчыруюць механізатары УП «Дружбінец». Пракопаўне ад такога суседства становіцца весялей на душы. «А ўзімку ці не страшна вам адной?» — пытаемся. «А чаго мне, старой, дзетачкі, баяцца? Вось у вайну сапраўды жахліва было. Каб больш не здаралася на нашай зямлі такой бяды».

Удзячна Пракопаўна Богу за сям’ю. Рэгулярна прыязджаюць да яе сын Уладзімір з нявесткай Аленай з Сянна, унукі Сяргей і Крысціна з Віцебска. Гасцюе ў бабулі Волі і праўнучак Мікітка. Родныя клічуць старую перабрацца бліжэй да цывілізацыі, але тая не жадае мяняць свой прывычны ўклад: «Жалка, усё ж панасо­джана, ды і куры мае тутачка». А яшчэ ў хляве «мэкае» каза Белка. Вольга Пракопаўна ў свае 86 доіць яе самастойна: «Малачко, ведаеце, якое карыснае!» Ці сапраўды заслуга казінага малака, але  наша субяседніца ні разу не ляжала ў бальніцы, не прымала ніякіх лекаў. Ад усіх недамаганняў бабуля Вольга лечыцца зёлкамі. Праўда, узрост не падманеш: дрэнна сталі бачыць вочы, ногі баляць. «Каб хоць раз у месяц нас, старых, наведваў медыцынскі работнік, мо, там даўленне якое памераць…» —  просіць Пракопаўна.

Два разы на тыдзень у Першамайскую заязджае аўталаўка. Не пакрыўджана адзіная жыхарка вёскі і ўвагай з боку сельвыканкама.

На развітанне гаспадыня шчодра адорвае нас сакавітымі ранеткамі з уласнага саду, як падзяку за тое, што «настрой паднялі».

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

admin

Recent Posts

Скоро большие выходные. Как белорусы будут работать и отдыхать в ноябре, рассказали в Минтруда

 Как  белорусы будут работать и отдыхать в ноябре, рассказали в пресс-службе Министерства труда и социальной…

3 минуты ago

Лукашенко и спецпосланник Папы Римского Гуджеротти подтвердили важность диалога для взаимопонимания в мире

 Президент Беларуси Александр Лукашенко встретился с префектом Дикастерии по делам Восточных церквей в Ватикане кардиналом…

1 час ago

Сельскохозяйственная ярмарка прошла в г.п.Богушевск

Сельскохозяйственная ярмарка прошла в г.п.Богушевск. Жителям и гостям горпоселка был представлен широкий выбор продукции: овощи,…

3 часа ago

В Сенно горел автомобиль

Сообщение о загорании легкового автомобиля «КИА РИО» 2015 года выпуска поступило спасателям вчера в 6.17.…

4 часа ago

Проблему очередей на заправках обсудили с сенненскими автолюбителями

Пользоваться услугами автозаправочных станций нужно правильно, не мешая остальным участникам дорожного движения. На этом сделал…

1 день ago

В Сенненском районе продолжается заготовка кукурузы на силос

По данным управления по сельскому хозяйству и продовольствию райисполкома, всего «царицы полей» на силос было…

1 день ago