Годная змена для чэмпіёна Окуня
Займацца біятлонам Аляксандр Окунь пачаў у дзяцінстве, калі хадзіў у спартыўную школу г.Сянно. Трэнераваў маленькага хлопчыка Эдуард Блыкін, які і прывіў яму цікавасць і любоў да гэтага віду спорту.
Цяпер Аляксандр сам працуе трэнерам у спартыўнай школе райцэнтра, вядзе на базе Машчонскай сярэдняй школы секцыю біятлона. А за плячыма кандыдата ў майстры спорту па біятлоне нямала скораных спартыўных вяршынь, самая высокая з якіх — званне чэмпіёна рэспублікі.
З 8 класа і да заканчэння курса сярэдняй школы вучыўся ў вучылішчы Алімпійскага рэзерву ў г.п. Плешчаніцы. Там жа, пасля двух курсаў, атрымаў спецыяльнасць трэнера па біятлоне, настаўніка фізкультуры. Больш прафесійна займацца біятлонам Аляксандр змог у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Вучыўся завочна, паралельна працаваў дома, на Сенненшчыне.
Маладога трэнера любяць не толькі яго вучні. Бачаць задаткі да добрых вынікаў і больш вопытныя яго калегі.
— У мяне дзве групы дзяцей, многія з іх падаюць надзеі, мараць пра алімпійскую будучыню. Напрыклад, Руслан Корац з Сянно — вельмі перспектыўны хлопчык, быў чэмпіёнам раёна па зімовым і летнім біятлоне, — з цеплынёй кажа пра сваіх выхаванцаў Аляксандр Окунь. — Зарабляюць балы для нашага раёна мае вучні і з Машчон, якія выступаюць на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах: Раман Спронскі, Максім Дзям’янаў, Ірына Мядзведзева, Ганна Кухто, Павел Пясецкі, Максім Сапешка і інш. Другое месца ў спаборніцтве па летнім біятлоне, прысвечанаму Дню Перамогі, занялі Артур Прусаў і Насця Бейнаровіч.
Канешне, каб выраслі чэмпіёны, патрэбны час, працавітасць вучняў і трэнераў. А галоўнае, маленькім спартсменам неабходна мець прыродныя задаткі, якія трэнеру важна своечасова ўбачыць, развіваць.
Ірына ГАРБАЧОВА.
P.S. Поўнасцю матэрыял чытайце ў “ГС” №46 за 12 чэрвеня 2012 года.