Годная змена для чэмпіёна Окуня

Займацца біятлонам Аляксандр Окунь пачаў у дзяцінстве,  калі хадзіў у спартыўную школу г.Сянно. Трэнераваў маленькага хлопчыка Эдуард Блыкін, які і прывіў яму цікавасць і любоў да гэтага віду спорту.

 Цяпер Аляксандр сам працуе трэнерам у спартыўнай школе райцэнтра, вядзе на базе Машчонскай сярэдняй школы секцыю біятлона. А за плячыма кандыдата ў майстры спорту па біятлоне нямала скораных спартыўных вяршынь, самая высокая з якіх  — званне чэмпіёна рэспублікі.

 З 8  класа і да заканчэння курса сярэдняй школы вучыўся ў вучылішчы Алім­пій­скага рэзерву ў г.п. Пле­шчан­іцы. Там жа, пасля двух курсаў, атрымаў спецыяльнасць трэнера па біятлоне, настаўніка фізкультуры. Больш прафесійна займацца біятлонам Аляксандр змог у Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Вучыўся завочна, паралельна працаваў дома, на Сенненшчыне.

 Маладога трэнера любяць не толькі яго вучні. Бачаць задаткі да добрых вынікаў і больш вопытныя яго калегі.

— У мяне дзве групы дзяцей, многія з іх падаюць на­дзеі, мараць пра алімпійскую будучыню. Напрыклад, Руслан Корац з Сянно — вель­мі перспектыўны хлопчык, быў чэмпіёнам раёна па зімовым і летнім біятлоне, — з цеплынёй кажа пра сваіх выхаванцаў Аляксандр Окунь. — Зарабляюць балы для нашага раёна мае вучні і з Машчон, якія выступаюць на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах: Раман Спрон­­скі, Максім Дзям’янаў, Ірына Мядзведзева, Ганна Кухто, Павел Пясецкі, Мак­сім Сапешка і інш. Другое месца ў спаборніцтве па летнім біятлоне, прысвечанаму Дню Перамогі, занялі Артур Прусаў і Насця Бейнаровіч.

 Канешне, каб выраслі чэмпіёны, патрэбны час, праца­вітасць вучняў і трэнераў. А галоўнае, маленькім спартсменам неабходна мець прыродныя задаткі, якія трэнеру важна своечасова ўбачыць,  развіваць.

Ірына ГАРБАЧОВА.

 

P.S. Поўнасцю матэрыял чытайце ў “ГС” №46 за 12 чэрвеня 2012 года.