“Дэбет” і “Крэдыт” для яе гучаць, бы музыка

25 гадоў працоўнага стажу ў Дзіны Шарэнда ў якасці галоўнага бухгалтара УП ЖКГ. Нарадзілася і вырасла жанчына ў вёсцы Парнева, што ў Машканскім сельсавеце. Скончыўшы Віцебскі індустрыяльны тэхнікум па спецыяльнасці «бухгалтар прамысловасці», працоўную дзейнасць пачала на Сенненскім хлебакамбінаце ў 1974 годзе.  У 1987 годзе ўладкавалася на працу ў РУП ЖКГ, якое тады яшчэ называлася камбінатам камунальных прадпрыемстваў.

«Праца з лічбамі ніколі не была лёгкай, — гаворыць мая субяседніца. — Наадварот, у нечым манатонная, некалі нават сумная, але мне падабаецца. Многае залежыць ад калектыву, кіраўніка, людзей, якія побач з табой. Мне ў гэтым плане шанцавала».

«Дэбет», «крэдыт», «баланс», «праводка» — для Дзіны Уладзіміраўны тэрміны, у якіх яна разбіраецца лепш за ўсё. Дзеліцца вопытам і ведамі са сваімі калегамі. Жанчына настолькі звыклася са сваёй працай, што на іншым месцы сябе ўжо не ўяўляе.

Не так даўно Дзіна Шарэнда пайшла на пенсію, але і сёння працягвае весці бухгалтэрыю на прадпрыемстве. Дадатковы заробак не лішні, тым больш, што ў яе ёсць каму дапамагаць. Дзве дачушкі даўно ўжо пайшлі на свой хлеб, але Дзіна Уладзіміраўна, як і любая маці, хоча зрабіць больш для сваіх дзяцей.  Падрастаюць і ўнукі,  якім яна ўдзяляе шмат часу.

Ала Якаўлева.