Бережливости юных сенненцев учат с малых лет

Знаёміліся з Чырвонай кнігай для дзяцей, загадкавым светам космасу, прыродным багаццем планеты выхаванцы ясляў-сада №1 г.Сянно падчас правядзення ва ўстанове дашкольнай адукацыі тэматычнага тыдня, прымеркаванага да міжнароднай акцыі “Гадзіна Зямлі”.

 Педагогі надалі ўвагу розным аспектам рэсурсазберажэння. У сярэдніх і старэйшых групах у займальнай форме правялі цыкл заняткаў на тэму захавання прыродных багаццяў нашай краіны, гаварылі пра неабходнасць эканоміць электраэнергію, ваду, цяпло. А самыя маленькія выхаванцы наведалі выставу дзіцячай творчасці “Прырода нашай планеты”, дзе змаглі ўбачыць работы старэйшых выхаванцаў саду.

 

Бацькі таксама далучыліся да мерапрыемстваў. Дарослым былі ўручаны інфармацыйныя лісткі “Гадзіна Зямлі-2019”, якія заклікалі далучыцца да міжнароднай акцыі. Разам з дзецьмі яны ўдзельнічалі ў гутарках за круглым сталом, дзе абмяркоўваліся экалагічныя пытанні.

Педагогі ўстановы дашкольнай адукацыі разумеюць, наколькі важна данесці да дзяцей паняцце зберажэння. Па словах Таццяны Калдачовай, намесніка загадчыцы ясляў-сада, малых трэба з дзяцінства прывучаць да рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў. “Мерапрыемствамі, якія прайшлі на працягу тыдня, мы не абмяжуемся. Будзем выхоўваць у хлопчыкаў і дзяўчынак пачуццё беражлівасці”, — адзначыла педагог.

  Ала ЯКАЎЛЕВА.