23 марта — всемирный метеорологический день. Сенненская метеостанция: 125 лет на службе у погоды

  Ад таго, ідзе снег, дождж ці ярка свеціць сонейка, залежаць нашы планы, настрой і самаадчуванне. Таму, з даўніх часоў, людзі цікавіліся надвор’ем.

 І сенненцы не выключэнне. Сёлета раённая метэаралагічная станцыя адзначае 125-годдзе з дня заснавання.

  

Ад вытокаў

 Першыя інструментальныя метэаралагічныя назіранні на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачаліся ў Віцебску ў 1810 годзе, а праз 77 гадоў гэта работа стала весціся ў нашым раёне і працягвалася да 1906 года. Зноў станцыя аднавілася толькі ў красавіку 1936 года і працавала да пачатку вайны. Пасля вызвалення райцэнтра ад немцаў і па сённяшні дзень Сенненская метэаралагічная станцыя працуе бесперапынна.

Сенненская метэастанцыя

 Пасля вайны і да 1977 года Сенненскай метэаралагічнай станцыяй кіраваў Мікалай Міхальцоў.  Пасля гэту службу ўзначаліла Вера Карась, якая саступіла месца ў 2002 годзе маладому спецыялі­сту Алене Барадзіной.

 «У нас няма цякучкі кадраў. Людзі, якія пачынаюць працаваць метэаролагамі, рэдка мяняюць сваю прафесію. Толькі на першы погляд у нашай рабоце няма нічога складанага. Але гэта не так. Навучыцца адрозніваць зімовыя аблокі ад летніх, вымяраць ціск, правільна фіксаваць тэмпературу паветра, а галоўнае, умець усе даныя зашыфраваць і своечасова адправіць у рэспубліканскі гідраметцэнтр — справа непростая. Тут тэорыі мала. Таму той, хто аднойчы вырашыў прысвяціць сваё жыццё метэаралогіі наўрад ці здрадзіць прафесіі, — расказвае начальнік метэастанцыі Алена Барадзі­на, — да яе прырастаеш душой».

 На метэастанцыі працуе 6 жанчын. Кожныя тры гадзіны, днём і ноччу, аб стане надвор’я на Сенненшчыне паведамляецца ў Мінск, дзе вопытныя сіноптыкі складаюць прагноз.

 Звяртаюцца за інфармацыяй аб тэмпературы паветра ў метэастанцыю і раённыя арганізацыі, якім неабходна ведаць сярэднясутачную, сярэднямесячную тэмпературу, каб правільна спісаць паліва, прыняць  меры па захаванні прадукцыі і г.д.

 Назіраюць супрацоўнікі метэастанцыі за сельскагаспадарчымі раслінамі. Яны могуць расказаць, як адчувае сябе азіміна пад снегам, ці хапае вільгаці травам і збожжавым, ці пагражае надвор’е будучаму ўраджаю.

 У наш камп’ютарны век вялікую дапамогу аказваюць сучасныя праграмы, якія хутка апрацоўваюць інфармацыю і перадаюць яе ў адпаведныя арганізацыі, што  значна аблягчае работу метэаролагам.

 Пра змяненні, якія адбываліся ў клімаце Сенненшчыны, Алена Барадзіна можа расказваць бясконца. Дарэчы, гэтай тэме была прысвечана яе  дыпломная работа пры заканчэнні Расійскага дзяржаўнага гідраметэаралагічнага ўніверсітэта. «Калі казаць коратка: стала болей ападкаў і пацяплела», — дзеліцца начальнік станцыі.

 Напярэдадні прафесійнага свята, Міжнароднага дня метэаролага, які адзначаецца 23 сакавіка, разам збяруцца былыя супрацоўнікі мэтэастанцыі і тыя, хто сёння працягвае іх справу. Сустрэча з людзьмі, якія пачыналі назіраць за надвор’ем Сенненскага краю, хто аднаўляў дзейнасць станцыі ў цяжкія пасляваенныя часы, і тымі, хто працягвае весці гэту работу сёння, будзе цікавай: успамі­ны, абмен думкамі, мары…

 Метэаролаг — прафесія на ўсё жыццё. І нават  дома, у водпуску гэтыя людзі працягваюць назіраць за надвор’ем. Набліжаецца навальніца — абавязкова патэлефануюць дзяжурнаму на станцыю і папярэдзяць пра гэта. Ад дакладнасці інфармацыі метэаролагаў залежыць і дакладнасць прагнозаў надвор’я.  

Кацярына КАРПОВІЧ.