АПРАБАЦЫЯ АДВАКАЦЫІ ПРАЙШЛА ПАСПЯХОВА. Сенненскі міні-праект прымаў сяброў са швейцарскага Чырвонага Крыжа.

Эндру Хамфрыс на Сенненскай зямлі ўжо ў трэці раз. Для кансультанта швейцарскага Чырвонага Крыжа Сенненшчына стала гасцінным домам, а сенненцы — шчырымі сябрамі. З першых дзён заснавання ён курыруе створаныя ў раёне міні-праекты «Родник» і «Мы — вместе». У час сяброўскага візіту яго суправаджалі калегі з дацкага і швейцарскага Чырвоных Крыжоў Майкі Трослі і Раіса Сінельнікава, а таксама прадстаўнік БАЧК Алена Вайніловіч. З боку гаспадароў у сустрэчы прымалі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, першы сакратар райкама ГА «БРСМ» і кіраўнік мола­дзевага міні-праекта «Дари добро» Аляксандр Абушкевіч, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Наталля Бярговіна і калектыў міні-праекта «Родник» на чале з Нінай Мяцеліца. 

За апошнія два гады жыхары райцэнтра прызвычаіліся да бабуль у ярка-чырвоных куртках  на веласіпедах. Удзе­льнікі міні-праекта «Родник» (а гэта менавіта яны) хоць і не маладога ўзросту, але сваёй актыўнасцю дадуць фору  маладым. Яны дапамагаюць інвалідам, састарэлым, удзельнічаюць у акцыях па добраўпарадкаванні. Сваёй кіпучай дзейнасцю валанцёры займелі добрую славу не толькі ў раёне, вобласці, але і ў рэспубліцы. Невыпадкова, «Родник» стаў адным з васьмі міні-праектаў Беларусі, якім прапанавана паспрабаваць сябе ў новай дзейнасці — адвакацыі.

  Адвакацыя — працэс стратэгічнага выкарыстання інфармацыі з мэтай унясення зменаў у розныя праграмы (іх рэалізацыю), здольных дабратворна паўплываць на жыццё людзей, якія адносяцца да уразлівай катэгорыі насельніцтва.

 Асноўная яе мэта  — надзя­ліць паўнамоцтвамі тых, каго звыкла ў нашым грамадстве лічаць уразлівымі (старыя, дзеці, інваліды), каб ператварыць іх з пасіўных атрымальнікаў дапамогі ў людзей, здольных зрабіць унёсак у развіццё свайго згуртавання, якім бы маленькім яно не было.               

 Тое, што пенсіянеры могуць многае, за апошнія пяць месяцаў апрабацыі адвакацыі даказалі ўдзельніцы «Родника».  Сінаі — любі­мае месца адпачынку для большасці гараджан. У любы час тут можна сустрэць пажылых людзей, маладых матуль,  якія прагульваюцца  з каляскамі, падлеткаў на роліках і веласіпедах,  моладзь за спартыўнымі заняткамі. Бабулі з міні-праекта таксама нярэдка бавяць час на ўлонні «сінайскіх гор». І да стану свайго любімага парку адносяцца з асаблівым пачуццём, а таму і выбралі яго ў якасці першага аб’екта для адвакацыі.

 Падчас экскурсіі замежныя госці дзівіліся арганізацыйным здольнасцям «раднікоўцаў»: адноўлены і пафарбаваны лавачкі, на тэрыторыі з’явіліся кветнікі, зроблены новы масток. Зразумела, зрабіць гэта выключна сіламі пенсіянерак — немагчыма. Тым не менш, яны змаглі падключыць да справы адпаведныя службы. На «круглы стол» па абмеркаванні пытання добраўпарадкавання парку былі запрошаны прадстаўнікі жыллёва-камунальнай службы, лясніцтваў. Агульнымі намаганнямі пытанне па парку было вырашана. Да справы падключылася моладзь. Добраўпарадкаванне стала тэмай конкурсу дзіцячых малюнкаў, які правялі валанцёры маладзёжнага міні-праекта «Дари добро». Многія ідэі юных мастакоў вартыя рэалізацыі. Шмат задумак і ў «раднікоўцаў». А таму праца ў парку будзе працягвацца.

 Цікавіла гасцей і тое, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся ўдзельнікі падчас рэалізацыі новай дзейнасці. Як адзна­чыла Ніна Мяцеліца, асаблівых праблем не ўзнікала, дзякуючы падтрымкі з боку мясцовых  улад і, у прыватнасці, Зоі Фаміной. Сенненшчына —  адзін з нямногіх раёнаў вобласці,  дзе захаваны статус сястры-міласэрнасці (сёння яе абавязкі выконвае старшыня раённай арганізацыі БАЧК Святлана Языкова), паспяхова дзейнічаюць тры міні-праекты Чырвонага Крыжа, у тым ліку маладзёжны. Сёння стаіць пытанне аб стварэнні такога ж аб’яднання ў Багушэўску. І Зоя Сцяпанаўна звярнулася да прадстаўнікоў грамадскай арганізацыі з просьбай падтрымаць добрае пачынанне.

 У студзені 2012 года ўсе восем міні-праектаў збяруцца ў Мінску на аглядны семінар, дзе абмяркуюць вынікі свайго ўдзелу ў эксперыменце. Вопыт васьмі «піянераў» адвакатыўнай дзейнасці, у тым ліку і сенненскага «Родника», стане асновай для дапаможніка па адвакацыі для іншых.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.