БАБУЛІН ВЕК. Жыхарка гарадскога пасёлка Багушэўск справіла 100-гадовы юбілей.
Шмат гора і бяды зведала Пелагея Фёдараўна Мельнікава.. У тым ліку яна перажыла сваіх дзяцей, а гэта для маці, бадай, самая балючая рана. Сёння яе даглядаюць унукі. Жанчына ў апошні час вельмі аслабла, ёй нават складана размаўляць. Пра жыццё бабулі ўнукі ведаюць нямнога. Але, галоўнае, сцвярджаюць — яна ў іх самая лепшая.
Нарадзілася Пелагея Фёдараўна 28 лістапада 1911 года ў сяле Марынаўка, што на Гомельшчыне. Лёс яе не песціў. Як і ў многіх дзяцей таго часу, у Пелагеі Мельнікай не было дзяцінства. З 13 гадоў пачала працаваць з дарослымі на палях, балотах, у лясах. Працавала з раніцы да вечара, выконваючы цяжкую фізічную працу.
Выйшла замуж. Але спакойнае сямейнае жыццё было недоўгім. Вайна парушыла ўсе планы. На фронце згінуў муж — Кірыл Мельнікаў. Пайшоў — і не вярнуўся. Толькі і засталася ад яго, як успамін для Пелагеі Фёдараўны, казённая папера: прапаў без вестак. Дзе баец пахаваны, родныя і сёння не ведаюць.
Быў час, калі Пелагея Фёдараўна разам з дзецьмі і блізкімі ёй людзьмі ездзіла асвойваць цаліну. Шмат дзе давялося папрацаваць, каб пракарміць дзетак. І толькі ў 1969 годзе жанчына разам з двума сынамі вяртаецца ў Беларусь. Малодшы сын Мікалай знайшоў сабе жонку ў Багушэўску. Пераехаў cюды, абжыўся, а потым забраў з Казахстана да старэйшага брата Фёдара і маці. Сыны пабудавалі сабе побач два дамы. Маці не кінулі, яна засталася ў сям’і Фёдара. Нядрэнна жылі, у згодзе. Жанчына завіхалася па гаспадарцы: даглядала скаціну, даіла карову, заўсёды знаходзіла сабе справу. Нават у 85 год спрытна калола дровы, успамінаюць родныя. Да выхаду на пенсію працавала прыбіральшчыцай у адным мясцовым магазіне.
Апошнія 5 гадоў бабулю даглядаюць унукі. Сёння яе сям’я — сям’я ўнука Аляксандра Фёдаравіча. Пелагея Фёдараўна дачакалася і праўнукаў, іх у яе шэсць. Самай малодшай, праўначцы Юліі, —, ужо 23 гады. Прапраўнукаў пакуль няма, але будзем спадзявацца, што Пелагея Мельнікава і іх дачакаецца.
У святочны дзень віншаванні ў свой адрас бабуля атрымала ад усіх блізкіх ёй людзей. Уручыла падарунак і пажадала ўсяго самага найлепшага і Любоў Трубека, старшыня выканкама Багушэўскага пасялковага Савета дэпутатаў (на здымку).
Ала ЯКАЎЛЕВА.