МАШКАНСКАЯ СЯМ’Я ЗМАГАЛАСЯ ЗА “УЛАДАРА СЯЛА”
Напрыканцы верасня ў аграгарадку Гараны Полацкага раёна прайшоў абласны этап сельскагаспадарчага рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла». Удзел у ім прынялі 19 семей з усёй Віцебскай вобласці. Сенненшчыну прадстаўлялі Ірына і Васіль Кандратавы з Машканоў, якія ў мінулым годзе сталі пераможцамі раённага этапу конкурсу.
Сёння не кожны вясковец умее абыходзіцца з канём, трымаць у руках сякеру — такім у спаборніцтве рабіць не было чаго.
У гэты дзень жанчыны запрагалі і распрагалі каня. Мужчыны аралі, калолі дровы, гаспадарылі на кухні: на хуткасць чысцілі бульбу, моркву.
Удзельнікам конкурсу прыйшлося паказаць і свае спартыўныя ўменні. Пры дапамозе каромысла і вядзёр яны напаўнялі вадой бочкі, потым шукалі схаваныя яйкі і пераносілі мяхі з зернем.
Загадзя каманды рыхтавалі візітоўкі, у якіх расказвалі пра сямейныя традыцыі, захапленні, дасягненні. Везлі з сабой і тое, што вырасцілі на падворках. У творчым конкурсе «Сялянская хата ўсім багата» сем’і прадстаўлялі на суд журы свае арыгінальныя стравы і асеннія букеты.
На жаль, Кандратавы не занялі прызавое месца, але трымаліся не горш за іншых.
Сенненскі раён упершыню прадстаўляў сваю каманду на гэтым конкурсе. Пачатак пакладзены. Магчыма, паслядоўнікам Ірыны і Васіля пашанцуе больш. Добрых сямей у раёне хапае.
Кацярына КАРПОВІЧ.
На здымку: сям’я Кандратавых.