БІБЛІЯТЭКА СТАЛА МУЗЕЕМ

Сёлета Сінягорская базавая  школа рэарганізавана ў пачатковую. Тым не менш, школьныя будынкі нядоўга пуставалі. Неўзабаве дзеці вярнуліся сюды, толькі ўжо ў якасці наведвальнікаў бібліятэкі.

Прыемны падарунак да Дня работнікаў культуры атрымалі  і жыхары аграгарадка Сінягорскае. На днях свае дзверы для іх адчыніла абноўленая бібліятэка. Сёлета культурная ўстанова адзначыць сваё 55-годдзе. Увесь гэты час яе супрацоўнікі, чытачы, кніжныя фонды месціліся ў цесным пакойчыку ў будынку былой калгаснай канторы. Цяпер наведвальнікаў сустракаюць тры прасторныя ўтульныя пакоі: абанемент, чытальная зала і… этнаграфічны музей «Беларуская сялянская хатка».

Ідэя арганізаваць гістарычную экспазіцыю лунала  даўно. Дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ніна Паляшчук і яе падначаленыя працяглы час збіралі па сенненскіх вёсках адмысловыя рэчы: старадаўнія прылады працы, прадметы ўжытку.  Сабраных матэрыялаў хапіла на паўнацэнную музейную экс­пазіцыю. Першачаргова музей знаходзіўся ў Белаліпскай бібліятэцы. Потым, з-за неспрыяльных умоў, каштоўныя экспанаты вырашана было перавезці ў Сінягорскае. Тым больш, што плошча новай бібліятэкі   дазваляе. Зараз калекцыю папаўняе яе загадчыца Святлана Ярохава. У планах  — арганізацыя платных экскурсій.

Ну, а тыя, хто прыйшоў на святочнае адкрыццё, мелі магчымасць бяс­платна агледзець музейную экспазі­цыю. Павіншаваць сінягорцаў з па­дзеяй завіталі начальнік аддзела культуры райвыканкама Ларыса Новікава, дырэктар ЦБС Ніна Паляшчук. Музычным падарункам стала выступленне калектыву мастацкай самадзейнасці Сту­дзёнкаўскага сельскага клуба. Права перарэзаць чырвоную стужку атрымалі старшыня Студзёнкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Васіль Бараноўскі і  Святлана Ярохава.

У бібліятэчнай сферы жанчына працуе амаль 30 гадоў. У Сінягорскае  трапіла па размеркаванні адразу пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума. На абслугоўванні ў Святланы Аляксееўны знахо­дзіцца 360 жыхароў аграгарадка. Для сваіх чытачоў яна — больш чым бібліятэкар — клубны работнік, арганізатар мерапрыемстваў, кіраўнік гурткоў і проста прыемны субяседнік і дарадца. Адну са сцен пакоя абанемента ўпрыгожвае шафа з незвычайнымі фларыстычнымі кампазіцыямі: кветкі, розныя карэньчыкі, галінкі — да свайго хобі Святлана Ярохава заахвочвае мясцовых дзетак. З-за адсутнасці клуба бібліятэка ў Сінягорскім стала галоўным і адзіным месцам адпачынку для дарослых і маленькіх жыхароў аграгарадка. Між тым сінягорцы не страчваюць надзеі абзавесціся культурнай установай. «Клубная» тэма, прынамсі, уздымалася  падчас свята ў размове з прадстаўнікамі сельскай і раённай улады.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: В.Бараноўскі і С.Ярохава пераразаюць стужку; экспанаты бібліятэкі-музея; падчас адкрыцця; выступае Студзёнкаўскі сельскі клуб.