Ірына Мароз (на здымку) — першы індывідуальны прадпрымальнік у раёне, якая займаецца закупам малака ў насельніцтва на тэрыторыі Беліцкага сельсавета.
— Пачынаць было вельмі складана, — успамінае яна цяпер. — З недаверам ставіліся да новай справы і людзі. Спачатку нават была ў роспачы — навошта ўзялася. Праўда, падтрымлівала кіраўніцтва цэха «Сенненскі» Аршанскага малочнага камбіната, аплочваючы калькуляцыі па расходу паліва (з сакавіка гэтага года палёгка знята). І цяпер наш прыбытак залежыць толькі ад колькасці сабранай і рэалізаванай на перапрацоўчае прадпрыемства прадукцыі.
Аднак неўзабаве патрэбны кантакт з малаказдатчыкамі быў знойдзены . Яны зразумелі, што ніхто іх не збіраецца падманваць, а наадварот, малаказборшчык, як і малаказдатчык,зацікаўлены ў якасных паказчыках. Усталяваўся дакладны графік работы.
Аб’ёмы малака, якое збіраецца ў насельніцтва, мяне, прадпрымальніка, не задавальняюць. На падворках вяскоўцаў, якія трымаюць кароў, нямала перадоек, не пакрытых кароў. Гэта гаворыць і аб эфектыўнасці работы службы асемянення, і ветэрынарных работнікаў. «Быка» гаспадары трымаць не хочуць і прадаюць карову. І ў састарэлым узросце ўжо не набываюць першацёлку ці больш маладую рагулю.
А маладых сем’яў у вёсках не так і шмат, але добра, што яны разумеюць: з ростам закупачнай цаны малако стала прыносіць значную фінансавую прыбаўку ў сямейны бюджэт.
Кантроль за якасцю малака павысіў і адказнасць малаказдатчыкаў. Калі раней маглі і сліўкі зняць, і вады падліць, і змяшаць халодную і цёплую прадукцыю, і, ведаючы, што карову «калолі» антыбіётыкамі, неслі малако малаказборшчыку, чым псавалі ўсю партыю, то падобныя факты цяпер хутчэй выключэнне, чым правіла.
Больш чым за год маёй работы не было выяўлена ніводнага выпадку наяўнасці антыбіётыкаў. Раптам нядаўна — надарыўся. Хутчэй за ўсё — па прычыне недасведчанасці. Не кожная гаспадыня ведае (а тут унукі панаехалі) , што карове не абавязкова рабіць ін’екцыі антыбіётыкаў, каб зафіксаваць наяўнасць іх у малацэ. Дастаткова малочны посуд памыць з дапамогай некаторых мыючых сінтэтычных сродкаў.
КУСГП «Полымя» па плошчы большае, чым УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», а малака насельніцтва чамусці рэалізуе менш. Мабыць, зноў па той жа празаічнай прычыне: у Полымя, па маіх звестках, 28 перадоек, у Рулёшчыне — 6.
Мае малаказдатчыкі выстаўляюць малако на спецыяльныя вулічныя сталы. Калі пад’язджаем, яны выходзяць і сустракаюць. Твар у твар і вяду з імі растлумачальную работу, але на пальцах тлумачыць, чаму тлустасць малака 3,0, а не 5,0, як жадаюць усе, справа няўдзячная. Вось з прыборам ніхто не спрачаецца.
З вопыту работы індывідуальных малаказборшчыкаў ведаю, што ў Глыбоцкім раёне малаказавод даплочвае прыватніку па 10 тысяч рублёў за тону на падставе пратакола ўзгаднення цэн, а ў нас — не. Грошы невялікія, але ва ўмовах падаражання паліва і яны былі б дарэчы. Але працаваць трэба: узяўшыся за гуж, не кажы, што не дуж.
Міхаіл БЯЛОЎ.