Ірына Мароз (на здымку) — першы індывідуальны прадпрымальнік у раёне, якая займаецца закупам малака ў насельніцтва на тэрыторыі Беліцкага сельсавета.

— Пачынаць было вельмі складана, — успамінае яна цяпер. — З недаверам ставіліся да новай справы і людзі. Спачатку нават была ў роспачы — навошта ўзялася. Праўда, падтры­млівала кіраўніцтва  цэха  «Сенненскі» Аршанскага малочнага камбіната, аплочваючы калькуляцыі па расходу паліва (з сакавіка гэтага года палёгка знята). І цяпер наш прыбытак залежыць толькі ад колькасці сабранай і рэалізаванай на перапрацоўчае прадпрыемства  прадукцыі.

 Аднак  неўзабаве  патрэбны кантакт з малаказдатчыкамі быў  знойдзены . Яны зразумелі, што ніхто іх не збіраецца падманваць, а наадварот,  малаказборшчык, як і малаказдатчык,зацікаўлены ў якасных паказчыках. Усталяваўся дакладны графік работы.

 Аб’ёмы  малака, якое збіраецца ў насельніцтва, мяне, прадпрымальніка, не задавальняюць.  На падворках  вяскоўцаў, якія трымаюць кароў, нямала перадоек, не пакрытых кароў. Гэта гаворыць і аб эфектыўнасці работы службы асемянення, і ветэрынарных работнікаў. «Быка» гаспадары трымаць не хочуць і прадаюць карову. І ў састарэлым узросце ўжо не набываюць першацёлку ці больш маладую рагулю.

 А маладых сем’яў у вёсках не так і шмат, але добра, што яны разумеюць: з ростам закупачнай цаны малако стала прыносіць   значную фінансавую прыбаўку  ў сямейны бюджэт.

 Кантроль за якасцю малака павысіў і адказнасць малаказдатчыкаў. Калі раней маглі і сліўкі  зняць, і вады падліць, і змяшаць халодную і цёплую прадукцыю, і, ведаючы, што карову «калолі» антыбіётыкамі,  неслі малако  малаказборшчыку,   чым псавалі ўсю партыю, то падобныя факты  цяпер   хутчэй выключэнне, чым праві­ла.

 Больш чым за год маёй работы не было выяўлена ніводнага выпадку наяўнасці антыбіётыкаў. Раптам  нядаўна — надарыўся. Хутчэй за ўсё — па прычыне недасведчанасці.  Не кожная гаспадыня ведае  (а тут унукі панаехалі) ,  што карове не абавязкова рабіць ін’екцыі антыбіётыкаў, каб зафіксаваць наяўнасць іх  у малацэ.  Дастаткова   малочны посуд памыць з дапамогай некаторых  мыючых  сінтэтычных сродкаў.

 КУСГП «Полымя» па  плошчы большае, чым УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», а малака насельніцтва чамусці рэалізуе менш. Мабыць, зноў па той жа празаічнай прычыне: у Полымя, па маіх звестках, 28 перадоек, у Рулёшчыне — 6.

 Мае малаказдатчыкі выстаўляюць малако на спецыяльныя вулічныя сталы. Калі пад’яз­джаем,  яны выходзяць і сустракаюць. Твар у твар і вяду з імі растлумачальную работу, але на пальцах тлумачыць, чаму тлустасць малака 3,0, а не 5,0, як жадаюць усе, справа няўдзячная. Вось  з прыборам ніхто не спрачаецца. 

 З вопыту работы індывідуальных малаказборшчыкаў ведаю, што ў Глыбоцкім раёне малаказавод даплочвае прыватніку па 10 тысяч рублёў за тону на падставе пратакола ўзгаднення цэн, а ў нас — не. Грошы невялікія, але ва ўмовах падаражання паліва і  яны былі б  дарэчы. Але працаваць трэба: узяўшыся за гуж, не кажы, што не дуж.

 Міхаіл БЯЛОЎ.