Сабе – вінца, сыну – піўца

Грамадзянка Я., у адносіне да сваіх непаўналетніх дзяцей,  пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Аднак сын А. іншы раз заглядвае да маці, бо жывуць у адной вёсцы, хоць на рознах вуліцах.

Шостага ліпеня, якраз на Купалле, з раніцы сын наведаўся да «матулі»— як не ёсць, а ўсё ж родны і самы блізкі чалавек. Тая подбегам накіравалася ў магазін — госць у хаце. Неўзабаве на стале з’явіліся дзве бутэлькі «чарніла» па 0,7 літра кожная і поліэтыленавая бутэлька піва «Рэчыцкае» з горада Речица аб’ёмам у літр. Апошнюю «клапатліва» перадала семнаццацігадоваму сыну, а са знаёмымі пачала трапезнічаць, ужываючы больш алкаголеўтрымліваючыя напоі.

Літр піва так «падкасіў» юнака, што яго каля 19 гадзін вечара затрымалі ў стане алкагольнага ап’янення супрацоўнікі Багушэўскага аддзялення міліцыі. Факт ап’янення пацвердзілі і медыкі.

Праваахоўнікі ўгледзелі ў дзеяннях грамадзянкі Я. парушэнне арт.17.4  Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях — уцягненне непаўналетняга ў антыгра­мадскія паводзіны і склалі адпаведны пратакол.

Яго разгледзела адміністрацыйная камісія пры раённым выканаўчым камітэце і прыцягнула вінаватую да адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры дзесяці базавых велічынь (350 тысяч рублёў).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *