Закуп малака на Сенненшчыне становіцца прыватніцкай сферай.

  — Пакуль да закупу малака ў насельніцтва на тэрыторыі Какоўчынскага сельсавета не прыступіла прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «КоСвеМолТранс», — расказвае старшыня сельскага Савета дэпутатаў У.І. Мурашка, — адладзіць гэту справу  мы не маглі. Больш-менш арганізавана, — працягвае аповед Ула­дзімір Іванавіч, — закуп вёўся на тэрыторыі адкрытага акцыянернага таварыства «Бяленева», а ААТ «Літусава» і «Какоўчына» неяк выпадалі з поля зроку.

 Калі інтарэс да закупу малака на нашай тэрыторыі праявіў прыватнік, ды яшчэ не мясцовы, а з суседняга раёна, то аднесліся, як і да любога новаўвядзення, з нейкай асцярогай. Такія ж  трывогі былі і ў патэнцыяльных малаказдатчыкаў. Таму на працягу дзесяці дзён «абкаталі» работу ПУП «КоСвеМолТранс» на тэрыторыі ААТ «Какоўчына», дзе горш за ўсё вёўся закуп малака. Адразу ж з’явіліся вынікі: тлустасць малака з трох працэнтаў падрасла да чатырох з паловай. Станоўчыя перамены знайшлі водгук і ў насельніцтва. Людзі больш актыўна пачалі прадаваць лішкі малака.

 Агітаваць жыхароў ААТ «Літусава» і «Бяленева» практычна не давялося. Інфармацыя пра станоўчыя перамены самі сабой распаўсюдзіліся па вёсках. І малаказдатчыкі сталі прасіцца, каб іх аддалі пад патранат прыватніка, які так паставіў работу, што адразу зніклі рознага кшталту скаргі. Ён нават стаў забяспечваць сваіх малаказдатчыкаў філь­труючымі матэрыяламі, бясплатнымі мінеральна-вітаміннымі падкормкамі для кароў. Рэзультат не прымусіў сябе доўга чакаць. Мяркуйце самі. За поўны мінулы год мы закупілі па сельсавеце 1900 кілаграмаў малака на карову, а сёлета за паўгода леташнія гадавыя паказчыкі перакрылі па ўсіх гаспадарках і населеных пунктах. У мінулым годзе па прычыне наяўнасці антыбіётыкаў  перапрацоўшчыкам было вертута 14 тон малака, сёлета падобных фактаў увогуле няма.

 Прыватнік строга захоўвае графік збору. І ў мяне, як у старшыні Савета, знік галаўны боль з-за гэтай праблемы. Праўда, узімку больш турботна, бо трэба паклапаціцца, каб своечасова былі расчышчаны дарогі ад сумётаў. Іншы раз даводзіцца трымаць трактар «на хаду», бо закупшчыка не стрымлівае ніякае надвор’е. Гэтым ён заслугоўвае аўтарытэт і павагу ў цяперашніх і патэнцыяльных малаказдатчыкаў. А галоўнае такі пыдыход да справы дае станоўчыя вынікі. Яшчэ адзін прыклад, летась у ААТ «Какоўчына»за год было закуплена 72 тоны малака, на карову — 929 кг, за шэсць месяцаў сёлета адпаведна — 83 тоны і 2254 кг.

 Словам, не важна хто: прыватнае прадпрыемства, індывідуальны прадпрымальнік, мясцовая гаспадарка ці перапрацоўчае прадпрыемства, закупляе малако. Важны рэзультат, а ў Какоўчынскім сельсавеце ён пераўзышоў усе чаканні і жаданні.

Міхаіл Бялоў.