Хлеб не ў полі, а ў амбары

Земляробы ААТ «Сінягорскае» сёлетняе жніво пачалі даволі ар­ганізавана. Таму са­дзей­нічаў своечасова праведзены рамонт кам­байнаў, камплектацыя экіпажаў вопытнымі механізатарамі, для большасці якіх работа ў якасці камбайнераў — звыклы занятак.

 Праўда, праблемы таксама не прымусілі сябе чакаць. Праз некалькі дзён з пачатку жніва на пляцоўцы тока сабралася цэлая сцірта зерня павышанай вільготнасці. Выйсце знайшлі — адправілі 300 тон збожжа на адказнае захаванне і сушку на Віцебскі КХП.

 Калгас імя Будзённага, правапераемнікам якога  стала ААТ «Сінягорскае», быў насеннай гаспадаркай. Яго сушыльны комплекс  лічыўся ці не лепшым у раёне. Сёння ён маральна і матэрыяльна састарэў. Абслугоўванне, падрыхтоўка агрэгатаў да работы патрабуюць значных матэрыяльных і фінансавых затрат, людскіх рэсурсаў адпаведнай кваліфікацыі, маральных выдаткаў. На жаль, сёлета  не хапіла часу, каб своечасова падрыхтаваць да работы ўсе сушылкі. Спачатку выкарыстоўвалі толькі напольную, дзе сушылі пераважна насенне траў. Пазней у эксплуатацыю была запушчана «КЗС-20», якая працуе на дровах. У апошнюю чаргу — М-218, дзе выкарыстоўваецца пячное паліва.

 За работу сушыльнай гаспадаркі адказвае аграном-насеннявод Ганна Ступаневіч. У акцыянерным таварыстве малады спецыяліст працуе другі год пасля заканчэння Смальянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. За гэты час дзяўчына паспела пазнаць многія тонкасці спецыяльнасці, працягвае вучобу ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі ў Горках.

 — Збожжа з павышанай вільготнасцю паступае нават зараз. Справа ў тым, што дажджы, якія прайшлі ў пачатку ліпеня, справакавалі рост пустазелля. Яго насенне, вымалачанае разам са збожжам, і павышае вільготнасць зерня, — выказвае аграном сваё меркаванне.

 Каб не дапусціць страт пры захаванні ўраджаю, у гаспадарцы выкарыстоўваюць наступную тактыку: калі зерне адразу не трапляе на сушылку, праводзіцца першасная яго ачыстка, бурты зерня пастаянна перамяшчаюцца па пляцоўцы пры дапамозе тэхнікі ці ўручную. Гэтую работу выконваюць нават дзеці, якія хочуць мець уласныя грошы, менш залежаць ад бацькоў.

 Юра і Насця Пагарэльскія — брат і сястра. Ён — сямікласнік, яна — дзесяцікласніца. Новы навучальны год школьнікі пачнуць у якасці вучняў Студзёнкаўскай школы, бо Сінягорскую базавую рэарганізавалі ў пачатковую. Працуюць на таку па шэсць гадзін кожны дзень з 8-00 у першую змену ці з 15-00 — у другую. На заробленыя грошы Юра хоча набыць добры мабільны тэлефон, Насця — з пакупкай яшчэ не вызначылася. Ад гэтага, аднак, старанні яе не зменшыліся.

 Яшчэ раней рабочы дзень пачынаецца ў механізатараў, занятых на жніве. Вычысціць нешта, падрэгуляваць, настроіць — без гэтага не абыдзешся. Да таго ж бывае трэба пераехаць на новае поле. Раніца — самы час для сустрэчы з «галоўнай фігурай» на жніве і для кіраўніцтва акцыянернага таварыства, і для спецыялістаў. Людміла Якаўлева, галоўны эканаміст гаспадаркі, сустракаецца з камбайнерамі штодня. Запаўняе папкі кожнаму, расказвае, колькі зарабілі грошай — гэта яе абавязак.

 З галоўным эканамістам мы звязаліся яшчэ раз па тэлефоне, каб удакладніць, колькі намалаціў лепшы экіпаж гаспадаркі.

 — Намалот на камбайн у Васіля Валадкевіча і Вячаслава Берашэвіча хоць і застаецца самым высокім па акцыянерным таварыстве, але павялічыўся ён нязначна — надвор’е стрымлівала работу, — выказалася Людміла Якаўлева. Але шчырасці ў голасе эканаміста не было. Сёлета, як і ў папярэднія гады, і не толькі ў ААТ «Сінягорскае», жніво стрымліваецца не дажджамі. Кіраўнікі гаспадарак не беспадстаўна баяцца назапашваць на таках вялікую колькасць зерня, бо яно можа»згарэць». А гэта ўжо адказнасць іншага кшталту.

Л.ІЎЕЎ.

 НА ЗДЫМКАХ:  Юныя памочнікі сінягорскіх хлебаробаў Юра і Насця Пагарэльскія; аграном-насеннявод Ганна Ступаневіч ;  у Васіля Валадкевіча і Вячаслава Берашэвіча пакуль што лепшы намалот сярод экіпажаў зернеўборачных камбайнаў ААТ «Сінягорскае».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *