На пасяджэнні райвыканкама разгледзелі пытанні энергаэканоміі на прапрыемствах і ўстановах Сенненшчыны.

  Дырэктыва Прэзідэнта краіны № 3 «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы», скіраваная на ўдумлівы і практычны падыход да арганізацыі эканомікі і штодзённага жыцця, прымусіла органы ўлады раёна больш глыбока паглядзець на становішча спраў, прыняць арганізацыйныя, тэхнічныя і эканамічныя меры па яе рэалізацыі.

Створаны раённая і аналагічныя камісіі ў арганізацыях па кантролі за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў.

 Ва ўсе бізнэс-планы ўве­дзе­ны раздзелы «Энерга­збе­ражэнне». У арганізацыях раёна ўведзены пазаштатныя інспектары, якія сочаць за эфектыўным выкарыстаннем рэсурсаў. У кантракты кіраўнікоў прад­пры­емстваў уключаны пункты, згодна з якімі выплаты прэміяльных прадугледжваюцца толькі пры выкананні  зацверджаных паказчыкаў па энергазберажэнні, павелічэнні выкарыстання мясцовых відаў паліва.

 У рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы важнае месца адводзіцца арганізацыі выхаваўчага працэсу, шырокай прапагандзе сярод насельніцтва неабходнасці захавання рэжымаў эканоміі і беражлівасці. Гэтая праблема пастваянна разглядаецца на пасяджэннях раённага выканаўчага камітэта, у працоўных калектывах, на калегіях і нарадах аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама.

 Для забеспячэння выканання задання па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў штогод распрацоўваецца раённая праграма па энергазберажэнні.  Распараджэннямі райвыканкама ад 4 студзеня 2011 года  «Аб давядзенні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Сенненскага раёна на 2011 год» і ад 25 лютага  «Аб устанаўленні заданняў на 2011 год» былі даведзены заданні кожнаму прадпрыемству, арганізацыі, установе па мэтавым паказчыку па энергазберажэнні і эканоміі рэсурсаў.

 У выніку, як далажыла намеснік старшыні райвыканкама Ганна  Якаўлева на чарговым пасяджэнні райвыканкама, энергазатраты ўмоўнага паліва зменшыліся за сту­дзень-красавік 2011 года ў адносінах да адпаведнага перыяду мінулага года на 0,5 %.

 У паліўна-энергетычным балансе раёна найбольшую ўдзельную вагу займае галіна жыллёва-камунальнай гаспадаркі — 59,3 %, на долю  сельскай гаспадаркі прыпадае 10 %, прамысловасці — 2, будаўніцтва — 1 % і астатнія 27,7 % — на іншыя прадпры­емствы  (бюджэтныя арганізацыі, гандаль, транспарт і г.д.).

 Доля мясцовых відаў паліва і другасных энергарэсурсаў у абагульненых энергазатратах раёна за чатыры месяцы склалі 60 % у агульным аб’ёме кацельна-пячнога паліва. Ва ўласным  паліўным балансе па сельскай гаспадарцы — 47 %, адукацыі — 37,5 %, УП ЖКГ— 44,4, ахове здароўя — 94 працэнты.

 У першым квартале гэтага года адбылося павелічэнне спажывання мясцовых відаў паліва супраць леташняга ўзроўню на 6,3 %. Практычна не зменшаны расход газу, таму не ўдалося забяспечыць выкананне задання па мэтавым паказчыку па энергазберажэнні. Фактычна «мінус» склаў 2,4 % пры заданні «мінус» 10, у тым ліку: у прамысловасці  — «мінус» 7,9, сельскай гаспадарцы — «мінус» 11,1  %, бюджэтнай сферы — «плюс» 1,8 %, жыллёва-камунальнай гаспадарцы — «мінус» 7 %.

 Не забяспечылі выкананне прагнознага задання па энергазберажэнні і далі вялікі «плюс» ААТ  «Багушэўскі льнозавод» (62,1 %), Багушэўская аблтуббальніца (24,2 %), ААТ «Ульянавічы» (26,8), «Белая Ліпа» (27,4 %), «Пурплева» (33,7).

 Прычыны невыканання: мерапрыемствы па энергазберажэнні былі  запланаваны на  ІІ-ІІІ кварталы, УП ЖКГ дапушчаны звышнарматыўныя  страты цяпла.

 На сёлетні год запланавана рэалізаваць 25 мерапрыемстваў раённай Праграмы энергазберажэння. За першы квартал з заданнем справіліся на сто працэнтаў за кошт уласных сродкаў арганізацый. Выдаткаваная сума склала 799,4 млн рублёў.

 Чакаемая эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў ад укаранення запланаваных сёлета мерапрыемстваў павінна скласці 3 тыс. тон умоўнага паліва. Ёсць упэўненасць, што да канца года мэтавы паказчык энергазберажэння («мінус» 10 %) будзе выкананы. Устаноўка дадатковых катлоў у цэнтральнай кацельні дазволіць павялічыць выкарыстанне мясцовых відаў (МВП) паліва да 75 %.

 З мэтай замяшчэння імпартуемых крыніц энергіі і павелічэння выкарыстання МВП у гэтым годзе плануецца ўкараніць блочна-модульную кацельню ў Багушэўскім лясгасе (сума інвестыцый 1,1 млрд рублёў), устанавіць эканамічныя паветранагравальнікі на мясцовых відах паліва для ацяплення мехмайстэрняў, бытавых памяшканняў у ААТ «Ульянавічы», «Сінягорскае», «Пурплева». Зрабіць замену поршневага кампрэсара на вінтавы для выгрузкі вагонаў з даламітам у ААТ «Сенненскі райаграсервіс».

 Улічваючы, што найбольш значны патэнцыял энерга- і  рэсурсазберажэння сканцэнтраваны ўсё ж у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, у студзені-красавіку выраблена праектна-каштарысная дакументацыя для правядзення работ па замене 2,5 км зношаных цеплавых сетак з выкарыстаннем папярэдне ізаляваных труб.  Эканомія 0,4 тыс. тон умоўнага паліва. Устаноўлены частотны рэгулюемы  электрапрывод на артэзіянскай свідравіне ўстановы аховы здароўя «Сенненская ЦРБ». Аплачана праектна-каштарысная дакументацыя па ўкараненні дадатковых катлоў на МВП з механізаванай іх загрузкай. Цяпер ідзе  дэмантаж старога абсталявання для ўстаноўкі катлоў. Нават асвоена ўжо 542,8 млн рублёў.

 Сёння з 26 кацельняў, што знаходзяцца на балансе ЖКГ, 20 працуюць толькі на мясцовых відах паліва, 4 выкарыстоўваюць яго часткова.  Пакуль увогуле не спажываюць МВП кацельні «Райаграсервіс» і «Бурбін»  (мазутная гаспадарка).

 Выкананне Праграмы энер­газберажэння стрымлівае недахоп фінансаў (асабліва ў бюджэтнай сферы). Так, у Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы яшчэ з мінулага года не завершаны работы па ўцяпленні адрамантаванага даху і замене вокнаў, што дало б  магчымасць зэканоміць фінансавыя сродкі ў суме 100 мільёнаў рублёў за спажытую цеплавую энергію.

 У той жа час аддзелам культуры райвыканкама для зніжэння затрат па кацельна-пячному паліву ў першым квартале праведзены рамонт катла ў гарпасялковым Доме культуры, у РДК заменены свяцільнікі на энергазберагальныя (асвоена 10  млн рублёў). Аддзел культуры выканаў заданне па энергазберажэнні.

 У сувязі з ростам цэн на энерга- і цепланосьбіты, а таксама спажываемые паліўна-энергетычныя  рэсурсы каэфіцыент энергаёмістасці на прамысловых прадпрыемствах узрос на 15,2 % да ўзроўню мінулага года. Аднак нягледзячы на розныя, у тым ліку і фінансавыя, праблемы, нельга сядзець склаўшы рукі, бо пад ляжачы камень вада не цячэ. Факты ж сведчаць, што там, дзе думаюць аб будучыні, знаходзяць і нейкія, няхай не ў поўным аб’ёме, магчымасці для рэалізацыі Праграмы па энергазберажэнні.

Міхаіл Бялоў.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *