Сенненцы – трэція на школьнай спартакіядзе

У праграме 23 абласной спартакіяды школьнікаў завяршыліся спаборніцтвы па грэка-рымскай барацьбе. Каманда Сенненскага раёна, складзеная з выхаванцаў трэнераў Анатоля Кучынскага і Анатоля Рыбчанкі, заняла трэцяе месца. Лепш выступілі толькі юныя барцы Шумілінскага і Віцебскага раёнаў.

 Найбольш ачкоў у камандную капілку ўнеслі пераможцы спаборніцтва. Эфектна, запамінальна правёў усе свае паядынкі Яўген Дзямко. У сваёй вагавай катэгорыі (73 кг) ён не пакінуў сапернікам ніякіх шанцаў. Мікалай Губарэвіч (38 кг) таксама перамог. Зараз ён вучыцца ў Мінскім сувораўскім вучылішчы. А вось захапіўся барацьбой хлопец у Сянно, калі знаходзіўся ў сацыяльным прытулку. Улад Калуханаў (47 кг) — таксама  суворавец . У абласных спаборніцтвах ён заняў другое месца, як і Юрый Лагуноў (53 кг). Аляксандр Гарбачоў (47 кг), Аляксандр Ермашкевіч (59 кг), Аляксей Ставер (66 кг) занялі трэція месцы ў сваіх вагавых катэгорыях. Такі ж вынік паказаў Захар Лапеха (85 кг), што можна лічыць значным дасягненнем, бо хлопец быў самым маладым барцом у сваёй вагавай катэгорыі.

 Заліковыя ачкі для каманды прынеслі таксама Ілья Васілеўскі, Арцём Кажарскі, Улад Грыгаран, Павел Купрэенка і Аляксей Буракоў, якія занялі чацвёртыя месцы.