За 3 месяцы кожны сенненец пакінуў у крамах больш за 600 тысяч рублёў

Агульны тавараабарот па Сенненскім райспажыўтаварыстве за першы квартал бягучага года склаў 16 млрд 484 млн рублёў. Кожны жыхар раёна, які мае пастаянныя даходы, набыў у  кааператыўнай гандлёвай сетцы тавараў на 631,6 тыс. рублёў.

 — Наша райспажыўтаварыства асвоіла 41%  грашовых даходаў насельніцтва,  — расказала галоўны эканаміст планава-эканамічнага ад­дзе­ла райспажыўтаварыства Вера Пад’елец, — гэта вышэй сярэднеабласнога паказчыка, які складае 33,1%. Больш сенненцаў тавараў у сваім раённым спажывецкім таварыстве набывалі толькі расонцы — 46,6% ад агульных даходаў.

 У той жа час спажывецкае таварыства па тэмпах росту рознічнага тавараабароту не выканала заданне, даведзенае раённым выканаўчым камітэтам. За аналізуемы перыяд яно павінна было вырасці на 115%, павялічылася толькі на 106,3%. Яшчэ горш сітуацыя на прадпрыемствах грамадскага харчавання: заданне  — 113%, факт — 93,2. З васьмі асноўных паказчыкаў гаспадарчай дзейнасці Сенненскае раённае спажывецкае таварыства заданне выканала толькі  па адным. У насель­ніцтва закуплена сельгас­прадукцыі і сыравіны на 356,8 млн рублёў, што  складае 108%, пры заданні 107. А вось даведзеныя планы па выпуску ўласнай прадукцыі прадпры­емствамі грамадскага харчавання,  закупцы сельгаспрадукцыі і сыравіны ў цэлым,  платных паслугах,  вытворчасці прамысловай прадукцыі, экспарту  — не выкананы. Праўда, усё ж шанцы справіцца з  гадавым заданнем у калектыва райспажыўтаварыства ёсць.  Рэалізуюцца ці хутка пачнуць рэалізоўвацца некалькі мэтавых праграм, скіраваных на  мадэрнізацыю вытворчасці, укараненне новых тэхналогій, а значыць, і на аздараўленне эканомікі.

Аляксандр Лазюк.