Чарнобыля незваротныя страты

Сёлета спаўняецца 25 гадоў, як адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Яна насіла глабальны характар. Aсноўная частка радыеактыўных выкідаў прыйшлася на тэрыторыю Беларусі. Гэта прымусіла сотні тысяч людзей пакінуць свае родныя мясціны. Тым не менш жыццё не спынілася, хоць і стала іншым.  Нарадзілі сваіх дзяцей постчарнобыльскія дзеці, да вытворчасці ў новых умовах прызвычаіліся аграрнікі, перапрацоўшчыкі сельгаспрадукцыі. Чарнобыльская бяда змяніла псіхалогію людзей — тых, хто ўцякаў з забруджаных тэрыторый, і тых, хто прымаў іх.

 Які адбітак пакінула  аварыя на Чарнобыльскай  АЭС на грамадстве? Чаму яна навучыла вас? — гэтыя пытанні мы задалі жыхарам Сянно і раёна.

 Міхаіл, майстар будаўнічага прадпрыемства, 49 гадоў:

 — Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС я жыў за 30 кіламетраў ад станцыі. Летам 1986 года ўжо працаваў у Сянно. Давялося будаваць жыллё для перасяленцаў у Кармянскім раёне Гомельскай вобласці. На Сенненшчыне нарадзіліся мае дзеці.  Дзякуй Богу, да гэтай пары мы ўсе здаровыя. Хутка  адаптаваліся да жыцця на новым месцы. Але жаль  па страчаным застаецца. Шкада, у першую чаргу, той свет, тую ментальнасць, якія зніклі ў выніку перасялення людзей з родных мясцін. І гэтыя страты незваротныя.

 Чаму навучыла бяда?  Жыву па сітуацыі, асаблівых абмежаванняў не прытрымліваўся ніколі.

 Ала, 50 гадоў, бухгалтар дзяржаўнай арганізацыі, нарадзілася і пражыла ўсё жыццё ў Сянно:

 — Чарнобыльская аварыя закранула мяне і маю сям’ю ўскосна. Але адбітак, лічу, наклала на ўсіх нас. Асабіста я стала больш уважліва ставіцца да здароўя. Грыбы ў ваколіцах Сянно збіраю не ўсе, толькі тыя, якія менш назапашваюць радыяцыі.

 У Сянно і раёне з’явілася шмат перасяленцаў з Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Як правіла, гэта шчырыя людзі, добрыя работнікі, якія крыху вылучаюцца сярод карэнных сенненцаў. За апошнія гады колькасць насельніцтва ў раёне  прыкметна зменшылася. А колькі б нас засталося, каб не перасяленцы?

 Таццяна, малады спецыяліст, урач, 28 гадоў:

 — Глабальная катастрофа не магла не адбіцца на людзях. Яе ўздзеянне адчуваюць не толькі беларусы. Даводзілася вучыцца з выхадцамі з афрыканскага кантынента. Я б сказала, што аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася 25 гадоў таму, паўздзейнічала нават на іх, на іх стаўленне да жыцця.

 Іншай стала медыцына. Пра гэта нам не забывалі паўтараць у час лекцый і семінараў. Уздзеянне радыяцыі на здароўе людзей асабліва бачна на практыцы. Зніжаецца імунітэт, людзі часцей хварэюць. Гэтыя асаблівасці постчарнобыльскага жыцця я ўлічваю таксама. Для сябе ўжо вырашыла, перш чым  зацяжарыць, абавязкова  здам усе аналізы, папрашу прайсці абследаванне мужа. Для нашых бацькоў гэта была неабавязковая працэдура.

Апытанне правёў Аляксандр Лазюк.

З першых вуснаў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

 «Мы павінны палажыць канец перыяду ачышчэння тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС, перастаць стагнаць і плакацца і пачаць новы перыяд — аднаўлення. Неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб адрадзіць гэты край».

 Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун:

 «Намаганні па развіццю паселішчаў на пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы тэрыторыях сведчаць аб паляпшэнні сацыяльных умоў жыцця мясцовага насельніцтва, што ўсяляе аптымізм».

 Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт:

 «25 гадоў наш народ разам з многімі сябрамі з іншых краін змагаўся з экалагічнымі, сацыяльнымі і духоўнымі наступствамі чарнобыльскай катастрофы. І сёння мы рады, што Беларусь прадаўжае жыць, пераадольваючы розныя праблемы сучаснасці. Божае благаславенне няхай будзе з кожным, хто працаваў, працуе і будзе працаваць над пераадоленнем наступстваў чарнобыльскай бяды!»

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *