«Гражданин начальник» Віталь Кавалеўскі

У структуры  крымінальна-выканаўчай інспекцыі раённага аддзела ўнутраных спраў адбыліся змены. У яе штаце, які колькасна не змяніўся, замест старшага інспектара ўведзена пасада начальніка, яе  займае Віталь Кавалеўскі, старшы лейтэнант міліцыі.

 — Раней асуджаных, напрыклад, да папраўчых работ мы кантралявалі да заканчэння тэрміну прысуду. Цяпер, калі чалавек не стаў на шлях выпраўлення, кантроль можа працягвацца далей, бясконца, — расказаў ён.

 Інспектары крымінальна-выканаўчай  інспекцыі сваю работу каардынуюць і праводзяць сукупна з участковымі міліцыянерамі, супрацоўнікамі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі, кіраўнікамі прад­пры­емстваў, арганізацый, дзе працуюць асуджаныя. Без такіх цесных кантактаў, а яшчэ без узаемаразумення з боку мясцовых органаў улады цяжка разлічваць на станоўчы вынік у рабоце з 230-ю асобамі, якія асуджаны да розных тэрмінаў пакарання і жывуць на Сенненшчыне.

 — Але галоўнае ўсё ж, каб у чалавека былі праца, сродкі для жыцця, дах над галавой. У гэтым накірунку  супрацоўнічаем з дзяржаўнымі органамі ўлады, — сцвярджае Віталь Кавалеўскі.  І ён мае рацыю, бо зыходзіць з вопыту папярэдняй работы ў якасці ўчастковага інспектара міліцыі, інспектара аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі. Кіраўніц­тва аддзела ўнутраных спраў райвыканкама лічыць, што галоўнымі якасцямі Віталя Кавалеўскага з’яўляецца ўменне ўнікаць у сітуацыю, шукаць выйсце з яе з дапамогай канкрэтных сродкаў і спосабаў. Падобныя якасці служаць гарантыяй поспеху ў рабоце кожнай асобы, а тым больш кіраўніка крымінальна-выканаўчай ін­спекцыі.

Л.Іўеў.

 На здымку: начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Сенненскага РАУС Віталь Кавалеўскі.