Лясніцтвы Сенненшчыны плануюць нарыхтаваць каля 300 тон бярозавага соку, паведамілі ў ДЛГУ «Багушэўскі лясгас».

Увогуле ж лясная  гаспадарка краіны сёлетняй вясной мае намер сабраць для перапрацоўчай прамысловасці звыш 30 тысяч тон кляновага і бярозавага соку. Гэтыя аб’ёмы ўзгоднены з патрэбамі кансервавых заводаў і перавышаюць мінулагодні ўзровень больш як удвая. Аб каштоўнасці, карыснасці і гаючасці бярозавіку гаварыць можна даволі доўга. Але дастаткова прыгадаць, што  ён разбурае мачавыя камяні, эфектыўны пры  лячэнні язвы страўніка і печані, галаўнога болю, бранхіту,  кашлю, а таксама пры рэўматызме, радыкуліце, выдаляе з арганізма шкодныя рэчывы і інш.

 Да нарыхтоўкі бярозага соку лясніц­твы прыступяць, як толькі ўсталююцца станоўчыя тэмпературы паветра ў начны час. Збор яго ў лясным фондзе Рэспублікі Беларусь рэгламентуецца Правіламі нарыхтоўкі другасных лясных рэсурсаў і ажыццяўлення старонняга лесакарыстання, зацверджанымі Пастановай Міністэрства лясной гаспадаркі.

 У адпаведнасці з заканадаўствам грамадзяне могуць ажыццяўляць падсочку бясплатна на ўчастках лесу, што вызначаны для гэтых мэт юрыдычнымі асобамі, вядучымі лясную гаспадарку, з захаваннем устаноўленых правілаў нарыхтоўкі. Для атрымання інфармацыі аб участках лесу, дзе можна весці нарыхтоўку бярозавіку, і  патрэбнай кансультацыі, грамадзянін павінен звярнуцца ў лясніцтва па месцы пражывання.

 Нарыхтоўка соку забараняецца ў гарадскіх, курортных і лесапаркавых участках зялёных зон, у прыбярэжных палосах рэк, азёр, водасховішчаў, каля чыгуначных і аўтамабільных дарог, у населеных пунктах.

 Пры нарыхтоўцы бярозавага соку на тэрыторыях, што не ўваходзяць у лясны фонд, а таксама дзе гэты від дзейнасці не забаронены, юрыдычныя асобы або індывідуальныя прадпрымальнікі павінны атрымаць дазвол пэўнай формы мясцовага выканаўчага і распарадчага органа ўлады.

 У любым выпадку ахвотнікі сама­стой­на нарыхтаваць бярозавік павін­ны звярнуцца ў бліжэйшае ляс­ніцтва, спецыялісты якога ўкажуць не толькі месца здабычы, але правядуць інструктаж і пракантралююць тэхналогію падсочкі.

 Нарыхтоўка соку на ахоўных прыродных тэрыторыях,  можа «каштаваць» грамадзяніну ў выглядзе штрафу ад 4 да 35 базавых велічынь, індывідуальнаму прадпрымальніку — да 100 базавых велічынь, юрыдычнай асобе — да 500. Парушэнне тэхналогіі нарыхтоўкі і нарыхтоўка на ўчастках, дзе яна не дазволена, расцэньваюцца як незаконнае знішчэнне ці пашкоджанне дрэў і цягнуць накладанне штрафу на грамадзяніна ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прад­пры­мальніка — ад 20 да 200, на юрыдычную асобу — ад 50 да 300 базавых велічынь — для лясоў першай групы і тых, якія не ўваходзяць у лясны фонд. Прыгадаем, што базавая велі­чыня на сёння складае 35 тысяч рублёў. Даволі ўнушальныя штрафныя санкцыі праду­гле­джаны за парушэнне тэхналогіі нарыхтоўкі соку і ў астатніх лясах. Таму, чым парушаць заканадаўства, лепш зрабіць падсочку па правілах ці набыць у лясніцтвах гатовы сок, цана якога складзе ў межах 250-300 беларускіх рублёў за літр.

 Міхаіл БЯЛОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *