З менталітэтам не паспрачаешся. Усё больш сірот аддаюць перавагу адпачынку на радзіме.

Клопат пра здароўе і адпачынак юных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь даўно ўзяла на сябе дзяржава. Пад асаблі­вай увагай —  аздараўленне дзяцей, якія засталіся  па той ці іншай прычыне без бацькоў, незалежна ад таго, знаходзяц­ца яны  ў  школе-інтэрнаце, апякунскай ці прыёмнай  сям’і.

 — Па-першае, летам пры нашых агульнаадукацыйных школах, пазашкольных установах працуюць прышкольныя лагеры адпачынку. Большасць з іх пачынае працаваць адразу пасля заканчэння навучальнага года, некаторыя — у іншыя тэрміны летніх канікулаў. У апошнія гады такую форму аздараўлення выбіраюць 20-30 дзяцей, якія зна­ходзяц­ца ў апякунскіх ці прыёмных сем’ях. Да таго ж у нашай краіне захавалася шырокая сетка загарадных аздараўленчых лагераў. Там з задавальненнем кожны год адпачываюць больш за 80 выхаванцаў Сенненскай школы-інтэрната, каля 40 сірот, якія  жывуць у прыёмных ці апякунскіх сем’ях. Звычайна перавага аддаецца дзіцячым лагерам «Чайка», «Зорка». Яны знаходзяцца ў ваколіцах Віцебска, і нам зручна завозіць туды дзяцей,  — расказвае Святлана Рубанава, кіраўнік сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі Сенненскага райвыканкама.

 Акрамя названых спосабаў аздараўлення, выкарыстоўваюцца іншыя. Выхаванцы школы-інтэрната  праводзяць лета ў сем’ях педагогаў, знаёмых, едуць да бабуль-дзядуль. Тыя дзеці, якія аднойчы пабывалі ў  аздараўленчым лагеры,  што  на летні перыяд арганізоў­ваецца ў Багушэўскай санаторна-аздараўленчай школе, звычайна імкнуцца зноў трапіць туды. Тамашні калектыў выхавальнікаў добра ведае сваю справу. Да таго ж у апошнія гады ў навучальнай установе прыкметна ўмацавалася матэрыяльная база. Да спартыўных пляцовак на свежым паветры, спартыўнай залы дадаліся шматлікія сучасныя трэнажоры. Добра наладжана харчаванне, ёсць медыцынскі штат, а, значыць, можна умацаваць здароўе з дапамогай розных тэрапеўтычных працэдур.

 Для дзяцей-сірот ёсць магчымасць пабываць на адпачынку ў замежжы, у прыватнасці, у Італіі. Паміж нашымі краінамі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў падпісана генеральнае пагадненне. Згодна з ім міжнародным аздараўленнем займаюцца  грамадскія арганізацыі — у прыватнасці, «Дрэва жыцця», «Планета дзяцей» і іншыя. Але жывуць нашы юныя грамадзя­не выключна ў сем’ях, дзе ўлічваюцца інтарэсы кожнага дзіцяці.

  — Выезды дзяцей арганізуюцца групамі, у суправаджэнні беларускіх перакладчыкаў і асоб, якія прадстаўляюць нашу дзяржаву ў Італіі, — працягвае расказваць Святлана Рубанава.    — У Італіі, у аэрапорце дзяцей сустракаюць італьянскія  сем’і, якія іх прымаюць на працягу месяца ці большага тэрміну (да 2,5 месяца). Італьянцы не толькі ўтрымліваюць беларускіх дзяцей, але і арганізуюць для іх культурна-забаўляльную праграму: ладзяцца экскурсіі, пры неабходнасці — лячэнне. Як правіла, пасля першага кантакту дзеці прыязджаюць у Італію рэгулярна і знаходзяцца ў адных і тых жа сем’ях.

 Піянерам у справе наладжвання кантактаў з грамадскімі дабрачыннымі фондамі быў Л.А.Казлоў, былы дырэктар Сенненскай школы-інтэрната. Цяпер ён выйшаў на пенсію, але традыцыі, закладзеныя ў былыя гады, працягваюцца калектывам.

 Па словах Святланы Рубанавай,  сіроты, якія  знаходзяцца ў беларускіх прыёмных ці апякунскіх сем’ях, з часам цікавасць да такіх паездак губляюць. Бывае, што нават інтэрнатаўцы, якія  пажылі некаторы час у сем’ях сенненцаў, перавагу  ў далейшым аддаюць кантактам з землякамі, а не з замежнымі грамадзянамі.

  —  Змена прыярытэтаў, на мой погляд, тлумачыцца тым, што ў беларускіх сем’ях дзеці адчуваюць сябе больш камфортна ў псіхалагічным плане. Ім бліжэй нацыянальны менталітэт , — разважае Святлана Мікалаеўна.

  Зрэшты, усе гэтыя нюансы псіхалогіі дзяцей-сірот улічваюцца. Дзяржаўныя органы ўлады робяць усё, каб стварыць найлепшыя ўмовы для сацыялізацыі, падрыхтоўкі дзяцей да самастойнага жыцця. Для гэтага выкарыстоўваюцца ў тым ліку і магчымасці  аздараўленчага адпачынку.

Аляксандр Лазюк.